Мацкевіч: Беларусь целам у Еўропе, а сэрцам – па-за ёй
Гэтымі днямі еўрапейцы святкуюць Дзень Еўропы. Беларусь, што знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры кантынента, абмежавалася толькі кінафестывалем.
У еўрапейскіх краінах арганізаваныя святочныя мерапрыемствы на Дзень Еўропы. Нават Турцыя, прыналежнасць якой да еўрапейскай цывілізацыі – прадмет дыскусій, таксама адзначае. У дзень Еўропы 9 траўня Стамбульскі мост, які злучае Еўропу і Азію, загарыцца рознымі колерамі, а ў вялікім парку турэцкай сталіцы адбудзецца спецыяльнае шоў.
Беларусь з'яўляецца неад'емнай часткай Еўропы, не забываюцца еўрапейскія палітыкі. Вось што, напрыклад, на адным з дэбатаў па Беларусі ў Еўрапарламенце заявіў еўрадэпутат з Літвы Вальдэмр Тамашэўскі.
Вальдэмар Тамашэўскі: "Беларусь, краіна Цэнтральнай Еўропы, гэта гістарычная калыска Вялікага княства літоўскага. Княства абараняла каштоўнасці заходняй цывілізацыі на яго паўночна-ўсходнім ускрайку".
Але рэакцыя кіраўніцтва Беларусі на Дзень Еўропы даволі сціплая. Хіба самае вялікае мерапрыемства – гэта правядзенне фестывалю еўрапейскіх кінастужак і фотавыставы. З 10 траўня ў кінатэатрах Мінска, Магілёва і Бабруйска пачнецца паказ еўрапейскіх фільмаў пры падтрымцы еўрапейскіх амбасад, Прадстаўніцтва Еўрасаюза і Міністэрства культуры Беларусі.
Метадолаг Уладзімір Мацкевіч кажа, што беларускія ўлады ўсё яшчэ жывуць у мінулай эпосе, а таму і геапалітычна адарваныя ад еўрапейскага рэгіёну.
Уладзімір Мацкевіч: "Можна быць прапісаным у Еўропе, а сэрца тваё будзе ў нейкім іншым рэгіёне. Мы толькі целам, матэрыяльна знаходзімся ў Еўропе. Сённяшнім беларускім уладам не вельмі істотна, што адбываецца ў палітыцы суседняй Літвы – як там адбываюцца выбары і мяняюцца прэзідэнты. А калі нешта ў палітычным сэнсе адбываецца ў далёкім Кыргызстане, то гэта вельмі балюча для беларскага прэзідэнта. Улада сэрцам сваім, думкамі сваімі жыве не толькі ў іншым рэгіёне, а нават у іншай эпосе".
Адсутнасць больш вялікай праграмы мерапрыемстваў да Дня Еўропы часткова тлумачыцца і тым, што на 9 траўня прыпадае іншае вялікае свята – Дзень перамогі.
Увогуле адразу дзве даты шырока вядомыя як Дзень Еўропы – 5 і 9 траўня. Першая дата ідзе ад заснавання Савета Еўропы, другая – Еўрапейскага Саюза.
Узрушаныя жахлівымі сусветнымі войнамі, еўрапейскія палітыкі заснавалі абедзве арганізацыі з мэтай забяспечыць мір і згоду паміж еўрапейскімі нацыямі, як пераможцамі, так і пераможанымі.
Адным з восеньскіх дзён 1946 года, выступаючы перад студэнтамі Ўніверсітэта Цюрыха, брытанскі прэм'ер-міністр Уінстан Чэрчыль заклікаў да стварэння Савета Еўропы.
Уінстан Чэрчыль: "Калі прыйдзе час і Еўропа будзе аб'яднаная супольнай спадчынай, то не будзе мяжы шчасцю, дабрабыту і славы для чатырохсот мільёнаў грамадзян... Мы павінны стварыць аналаг Аб'яднаных штатаў Еўропы".
5 траўня 1949 года 10 нацый Еўропы падпісалі Лонданскую дамову, заснаваўшы Савет Еўропы. На сёння ў гэтую арганізацыю ўваходзяць 47 еўрапейскіх краін. Усе – апроч Беларусі. Толькі нашая краіна па сёння не зрабіла важны крок да ўступлення ў Савет Еўропы – адмена ці прынамсі мараторый на смяротнае пакаранне.
9 траўня 1950 года французскі міністр замежных спраў Робер Шуман прапанаваў заснаваць Еўрапейскую супольнасць вугалю і сталі – папярэднік Еўрасаюза. Калісьці толькі 6, а цяпер 27 еўрапейскіх краін уваходзяць у ЕС.
Калі Беларусь папоўніць Еўрасаюз і Савет Еўропы – пытанне застаецца адкрытым.