Макей сустрэўся з генсекам Савета Еўропы
Міністр замежных справаў Беларусі правёў двухбаковую сустрэчу з Турб’ернам Ягландам яшчэ 27 верасня, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Якія тэмы абмяркоўваліся на гэтай сустрэчы, якая прайшла ў рамках сесіі Генеральнай асамблеі ААН, не паведамляецца. Між тым гэта была першая асабістая сустрэча Макея на пасадзе кіраўніка МЗС з кіраўніком Савета Еўропы, перадае БелаПАН.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, якая не ўваходзіць у СЕ. У 1993 годзе краіна атрымала статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі СЕ, але была пазбаўленая яго пасля рэферэндуму 1996 года, вынікі якога міжнародная супольнасць не прызнала. У ліпені 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статуса спецзапрошанага пры ўмове адмены смяротнага пакарання або ўвядзення мараторыя на яго. Аднак у 2010 годзе ў Беларусі адбыліся новыя смяротныя пакаранні, пасля чаго ПАСЕ афіцыйна рэкамендавала сваім сябрам не наведваць краіну.
У пачатку 20102 года, пасля расстрэлу Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва Турб’ерн Ягланд заявіў, што Беларусь не можа мець нейкі статус у рамках Савета Еўропы.