Маскоўскае хакейнае “Дынама” ў Пінску, а мінскае зноў ляціць у Швейцарыю

120724 Kustouski Hockey.mp3

3 жніўня "Дынама" з’язджае з Мінску. Спачатку падапечныя Кары Хейкіля памераюцца сіламі з рыжскімі аднаклубнікамі ў Даўгаўпілсе. А пасля — на збор у Швейцарыю.

“Збор адбудзецца ва ўмовах сярэднегор’я, якія дапамагаюць закласці сур’ёзную функцыянальную базу. Арыентыровачна ў Швейцарыі адбудзецца пяць таварыскіх гульняў”, — акрэслівае праграму трэніровак прэс-сакратар ХК “Дынама-Мінск” Іван Караічаў.

Летась дынамаўцы таксама пачыналі сезон не дзе-небудзь, а ў Швейцарыі. А скончылі паразай у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі ад маскоўскага “Дынама”, прайграўшы 4 матчы серыі запар. Расійская каманда, дарэчы, таксама праводзіць зборы па-за межамі сваёй краіны. Ужо трэці год маскоўскае “Дынама” рыхтуецца да сезона КХЛ… у Пінску!

Галоўны трэнер масквічоў Алег Знарок распавядае Еўрарадыё, што ў сталіцы Палесся ўсё ёсць для трэніровак: і басейн, і трэнажоры. І жартам дадае: не хапае хіба што добрай горкі, каб пабегаць і палазіць.

Алег Знарок: “Умовы добрыя. Збор праходзіць выдатна. У прынцыпе нас усё задавальняе. Усё кампактна, блізка, ёсць усё для працы. Не думаю, што трэба ехаць кудысьці за мяжу, траціць грошы, каб падрыхтавацца. У Пінску трэніруюцца і моладзевая, і галоўная каманды. Нам падабаецца гэта месца, мы яго замаўляем загадзя”.

Мінскія дынамаўцы досведам маскоўскіх аднаклубнікаў карыстацца не спяшаюцца.

“Не трэба ўспрымаць збор у Швейцарыі як нешта экстраардынарнае, — адказвае скептыкам Іван Караічаў. — Гэта не той узровень грошай, па якім можна меркаваць, што клуб ідзе на вялізныя выдаткі. Швейцарыя бывае зусім розная”.

Іншыя беларускія клубы скардзяцца, што ім… не даюць трэніравацца ў Беларусі! Галоўны трэнер салігорскага “Шахцёра” Андрэй Гусаў кажа, што ўсе базы займаюць... расійскія клубы. Гарнякі хацелі правесці летні збор у "Раўбічах", але база апынулася занятай! Сюды звярталася і мінскае “Юнацтва”.

“Што казаць? “Шахцёр” падаў заяўку ў лютым, калі ў нас ужо ўсё занята. Мы ім адказалі афіцыйным лістом. Усё занята ўжо. Іншыя людзі зрабілі перадаплату”, — тлумачыць сітуацыю маркетолаг спартовага комплекса “Раўбічы” Вячаслаў Юшкевіч.

Зараз тут трэніруецца хакейны клуб "Кубань" з Расіі. Каб арганізаваць летні збор у "Раўбічах", трэба дасылаць заяўку ў лістападзе ці ў снежні!

“Шахцёр” вымушаны адправіцца на збор у Чэхію. Чэмпіён краіны жлобінскі “Металург” будзе рыхтавацца да Адкрытага чэмпіянату Беларусі ў Славакіі, правядзе спарынгі з пяццю найлепшымі камандамі гэтай краіны.

“Там годныя спарынгі. У Беларусі зрабіць такое немагчыма. А гуляць з камандамі, якія ніжэй на тры ўзроўні, нічога не дасць”, — кажа галоўны трэнер “Металурга” Васіль Спірыдонаў.

Галоўны трэнер “Гомеля” Андрэй Скабелка толькі смяецца ў адказ: перад мінулым сезонам “Металург” 4 ці 5 разоў сустракаўся з “Гомелем”, і ў выніку выйграў чэмпіянат! А цяпер жлобінцам “нецікава” гуляць. Відаць, пасмяяліся б са словаў Спірыдонава і ў трэнерскім штабе маскоўскага “Дынама”: падчас збору ў Пінску дзеючыя ўладальнікі Кубка Гагарына запланавалі спарынгі менавіта з беларускімі клубамі. 5 жніўня, напрыклад, згуляюць з “Брэстам”.

Фота: tutgrodno.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі