Маці Мікіты Ліхавіда: “Не чакала, што мой сын такі моцны чалавек!”

Мікіта Ліхавід, асуджаны пасля падзеяў 19 снежня, за два месяцы правёў у штрафным ізалятары 52 дні. Вязень Наваполацкай калоніі №10 адмаўляецца выконваць распараджэнні начальства. Ён не падпарадкоўваецца загадам і не падпісвае ніякіх папераў, бо ўпэўнены ў тым, што асудзілі яго несправядліва.

За час знаходжання ў каменнай клетцы Мікіта вельмі схуднеў. Пра тое, як ён сябе адчувае і што піша з-за кратаў, Еўрарадыё пагутарыла з маці хлопца, Аленай Ліхавід.

Еўрарадыё: Скажыце, калі вы апошні раз бачылі сына?

Алена Ліхавід: “Апошні раз асабіста я яго бачыла 27 мая. Адвакатка бачыла Мікіту ў мінулую пятніцу. Ён вельмі моцна схуднеў. Прычым, так моцна, што нават склдана сабе ўявіць... Ён вельмі бледны. Я размаўляла з лекарам калоніі, ён спрабуе наведваць Мікіту фактычна кожны дзень у ШЫЗА.

Мікіта такі чалавек, што ён вельмі рэдка на што-небудзь скардзіцца. Ён нават знаходзячыся там, без паветра, без сонца, ён кажа, што ў яго ўсе нармальна, што ён трымаецца. Але мяне вельмі хвалюе яго бледнасць і худаба, бо ён вельмі моцна схуднеў. З ШЫЗА іх не выводзяць на вуліцу. За два месяцы прыбывання ў калоніі, ён больш за 52 дні правеў фактычна ў карцары. І ўсяго 8 дзён правеў у атрадзе. Гэтыя 8 дзён ён мог бачыць сонца, дыхаць неяк паветрам...”

Еўрарадыё: Перапіска з ім таксама абмежаваная?

Алена Ліхавід: “Яму аддаюць лісты толькі тады, калі ён выходзяць з карцара. Калі ён знаходзіцца ў ШЫЗА, яму забароненая любая перапіска”.

Еўрарадыё: Калі вы апошні раз атрымалі ліст ад Мікіты?

Алена Ліхавід: “Ад Мікіты ліст прыйшоў недзе паўтара тыдні таму. Гэта быў вельмі кароткі ліст. Прычым па почырку было бачна, што ён спяшаўся, пісаў у папыхах. Ліст быў адрасаваны да ўсіх. Ён напісаў, што цяпер прыйшоў час тых, хто маўчаў. І ён пісаў, што мы – беларусы, і ніхто іншыя, даем уладу ў Беларусі і забіраем яе. Свой ліст ён скончыў словамі “Жыве Беларусь!” Таксама ён напісаў, каб я не хвалявалася, што ў яго ўсё добра, перастаў займацца спортам, бо крыху здзьмуўся. Ён меў на ўвазе, што відаць схуднеў і мышцы атрафіраваліся. Са словаў адваката, я так зразумела, што сваёй тактыкі барацьбы ён змяняць не будзе”.

Еўрарадыё: З’явіўся артыкул у “Жывым журнале” Святланы Калінкінай, датычны вашага сына. Ці чыталі вы яго?

Алена Ліхавід: “Яшчэ не чытала, бо ў мяне не заўсёды атрымліваецца дайсці да кампутара, да інтэрнэта, бо мне пакул не вярнулі рэчы, якія былі канфіскаваныя ў мяне дома. Але я спадзяюся ў бліжэйшы час пачытаць усю інфармацыю”.

Еўрарадыё: Арыткул вельмі кранальны. Ён пра тое, што мы як факт ведаем, але не да канцы ўсвдамляем – 5 раз за літаральна больш за 2 месяцы Мікіта ў штрафным ізалятары. Як вы, як маці, ставіцеся да яго такой цвёрдай пазіцыі?

Алена Ліхавід: “Я вельмі моцна хвалююся. Мне нават апошнім часам турма сніцца, нейкія калідоры турэмныя... Я цудоўна разумею, што тым самым ён вельмі моцна падрывае сваё здароўе. Я, канешне, спрабую яго не тое, каб адгаварыць, але… Упэўніць у тым, каб ён пераглядзеў сваю пазіцыю, бо заўжды можна змагацца і іншымі шляхамі.

Але, я гэта ўжо казала і буду казаць, я не чакала, што мой сын такі моцны чалавек. Я яго буду падтрымліваць, я таксама, як ён, буду змагацца і пайду да канца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі