Міхнавец: "Беларуская Нацыянальная Памяць" перанясе дзейнасць на радзіму
Гэтая грамадская арганізацыя была створаная студэнтамі-каліноўцамі ў Польшчы роўна пяць гадоў таму.
Яе кіраўнік Анатоль Міхнавец у жывым эфіры Еўрарадыё выказаў меркаванне, што іх ініцыятыва — "адзінае, што паўстала з праграмы Каліноўскага". За гэтыя гады актывісты "Беларускай Нацыянальнай Памяці" знайшлі ў Польшчы і іншых краінах Еўропы нямала магілаў беларускіх дзеячоў, якія былі незаслужана забытыя (напрыклад, адшукалі ў Францыі магілу прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка).
Што да далейшых планаў, дык, па словах Міхнаўца, БНП збіраецца "пераехаць" з Польшчы ў Беларусь.
120511 MihnavecS.mp3
Міхнавец: "Самае галоўнае — мы плануем пераносіць дзейнасць "Беларускай Нацыянальнай Памяці" ў Беларусь. Арганізацыя створаная студэнтамі праграмы Каліноўскага. Шмат хто ўжо скончыў навучанне і збіраецца вяртацца ў Беларусь".
Дарэчы, бліжэйшую акцыю "Беларуская Нацыянальная Памяць" правядзе ў нядзелю, 13 траўня ў Варшаве. А 13-й гадзіне ад помніка генералу дэ Голю стартуе традыцыйны "роварны рэйд" памяці генерала Станіслава Булак Балаховіча.