Міклашэвіч: Мараторый на смяротнае пакаранне — пытанне адкрытае
Пра гэта старшыня Канстытуцыйнага суда заявіў 23 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
Чыноўнік падкрэсліў, што мэтазгоднасць смяротнага пакарання актыўна дыскутуецца ў грамадстве. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, у якой злачынцаў працягваюць расстрэльваць. Праз гэта нашая краіна не можа быць прынятая ў Савет Еўропы.
Разам з тым, Міклашэвіч адзначыў, што на дадзены момант Канстытуцыйны суд не займаецца пытаннем мараторыя:
Пётр Міклашэвіч: "Пазіцыя Канстытуцыйнага суда застаецца нязменнай. Калі будзе зварот да нас пра механізм, якім чынам можа быць уведзены мараторый — мы падрыхтуем адпаведнае заключэнне".
Нагадаем, грамадзяне Беларусі маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд па праверку законаў на адпаведнасць Канстытуцыі толькі ўскосна — праз упаўнаважаных для гэтага суб'ектаў. Да іх належаць прэзідэнт, абедзве палаты парламента, Вярхоўны і Гаспадарчы суды, а таксама Савет міністраў.