МВФ заклікаюць не даваць беларускім уладам новых крэдытаў
У Вашынгтоне адбылася прэзентацыя дакладу “Дэмакратычныя змены ў Беларусі: Рамкавая праграма дзеяння”.
Гэты дакумент супольна падрыхтавалі эксперты Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі і арганізацыі Freedom House. Даклад змяшчае рэкамендацыі як заходнім палітыкам, так і беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, што рабіць і як рабіць дзеля дэмакратычных пераменаў у Беларусі, інфармуе Радыё Свабода.
Аўтары дакладу зыходзяць з таго, што пазіцыі Аляксандра Лукашэнкі на сённяшні дзень найслабейшыя і найбольш уразлівыя, чым калі раней. У часе прэзентацыі дакумента прагучаў заклік ніякім спосабам не падтрымліваць беларускі рэжым фінансава. На думку аўтараў дакладу, МВФ не павінен даваць Беларусі новых крэдытаў. Прамоўцы ў Вашынгтоне таксама казалі пра неабходнасць перашкодзіць Лукашэнку ў продажы актываў буйных беларускіх прадпрыемстваў. Такім чынам, мяркуюць яны, беларускі кіраўнік здабудзе грошы на падтрыманне жыццядзейнасці рэжыму.