Мясакамбінат: Мяса па 14 тысяч — тое ж самае, што і долар па пяць!
Адпускная цана на свініну паднялася да 14 тысяч за кілаграм. Чаму ж у крамах яна прадаецца ажно ў тры разы даражэй (па 40-50 тысяч)?
"Цана ёсць, а свініны па гэтай цане няма", — так каментуюць новыя адпускныя цэны на свініну на мінскім мясакамбінаце "Марысей":
"Па 14 тысяч вы свініну не купіце. Гэта як у тым фільме… "Вы сусліка бачыце? А ён ёсць!". Так і тут, тое ж самае. Каб вам было зразумела: гэта такая ж сітуацыя, як і з доларам. Нібыта ён задэклараваны па 5 тысяч. А яго няма".
Міністэрства эканомікі другі раз за месяц павялічыла максімальныя адпускныя цэны на свініну. Гэтым разам на 10%. З 24 жніўня свініна першай і другой катэгорыі каштуе 13225 тысяч ($2,6) за 1 кг, свініна трэцяй катэгорыі — 12348. Чаму ж у крамах свініна каштуе па 40-50 тысяч, калі адпускная цана ўсяго 13225?
Сваімі "хітрыкамі" падзяліліся з Еўрарадыё мясакамбінаты. Аказваецца, што максімальная адпускная цана дзейнічае толькі на "патушнае" мяса. Калі ж яго разабраць, то можна прадаваць даражэй.
"Марысей": "Вышэй за гэтыя цэны мяса патушна, у паўтушах не можа адпускацца з мясакамбінатаў… А калі вы разабралі паўтушу, то прадавайце асобна лапатку, асобна — кумпяк, грудзінна-рэберную частку… На іх-то цэны не фіксаваныя".
Як даведалася Еўрарадыё, яшчэ нядаўна сітуацыя са свінінай у Беларусі была камічнай: жывая свіння каштавала даражэй, чым… у разрэзаным выглядзе. Сёння ж за кілаграм жывой вагі (свініны) калгасы бяруць 7064 тысячы (1 катэгорыя), 6829 (2-я катэгорыя) і 5992 — за трэцюю.
Супрацоўнік мясакамбінату кажа, што вытворчасць свініны нашмат даражэйшая за адпускныя цэны.
Мясакамбінат: "Пасля дэвальвацыі свініна падаражэла працэнтаў на 15. А дэвальвацыя была мінімум 60%. А ўлічваючы сённяшні рынкавы курс — там увогуле невядома. Відавочна, што вытворчасць свініны нашмат даражэй. І натуральна, што вытворцы яе не прадаюць па гэтай усталяванай цане. А спрабуюць нейкім іншым макарам… Тое, што вы кажаце па 50 тысяч ляжыць, — гэта, значыць, ужо не ў паўтушах прывезена, а менавіта ўжо дзесьці пасечанае на кавалкі. А кавалачнае — яно максімальных цэнаў не мае".
З-за вялікай розніцы ў цэнах мясакамбінатам і гаспадаркам больш выгадна прадаваць мяса ў Расію. Калі набраць у інтэрнэце "свініна продаж", пошукавік адразу выдае шэраг аб'яваў, дзе прадаюць мяса ў Расію, па цане прыкладна 130 расійскіх рублёў за кілаграм.
"Марысей": "Сёння больш выгадна аддаць парадку 110 расійскіх рублёў за кілаграм, чым аддаць па 14 тысяч. Гэта валюта, і ў 2 разы вышэй. Як людзям сказаць: "Не зарабляй!"?"
Супрацоўнік мясакамбінату мяркуе, што максімальныя адпускныя цэны ўсталёўваюцца для таго, каб кантраляваць узровень інфляцыі. Мяса займае вялікую частку ў спажывецкім кошыку… Адпаведна, рост цэнаў на мяса прывядзе да росту інфляцыі.