Мытні: Людзі пытаюцца пра дэкларацыі на паліва, але іх не запаўняюць

Больш за паўтара месяца прайшло пасля ўвядзення ў Беларусі абмежаванняў на вываз за мяжу аўтамабільнага паліва.
Паводле новых правілаў, з поўным бакам бензіну перасекчы мяжу можна толькі раз на пяць сутак. У адваротным выпадку давядзецца запаўняць дэкларацыю і плаціць мыту.

Як даведалася Еўрарадыё, задэклараваць паліва ў той самы дзень, калі плануеш выехаць за мяжу, немагчыма. Гэта трэба зрабіць за тры (!!!) дні да выезду за мяжу. Вось што распавялі ў пункце пропуску "Белмытсервіс" Гродзенскай мытні:

"Дзень у дзень — нельга. Гэта трэба плаціць у валюце, доларах. Пажадана дзесьці за тры дні да таго, як вы плануеце выязджаць. З-за таго, што плацяжы ў валюце, нашая мытня іх пабачыць толькі праз тры дні".

Акрамя грошай, трэба будзе патраціць яшчэ і час. Працэдура дэкларавання паліва апынулася няпростай! Пра гэта Еўрарадыё распавялі на мытным пропуску "Верхнедзвінск-аўта" (Віцебская мытня):

"Апроч выплаты, вам трэба будзе яшчэ заключыць дамову са спецыялістам па мытным афармленні. Ён вам зробіць дэкларацыю на тавар, падасць яе супрацоўніку мытні, пасля, па выніках разгляду гэтай дэкларацыі, праверкі дакументаў, будзе выдадзена экспартнае пасведчанне. Мы перашлем гэтую інфармацыю спецыялісту па мытным афармленні, ён раздрукуе дакумент, перадасць вам. І вы паедзеце на пункт выезда".

Уся гэтая працэдура зойме прыкладна 1,5-2 гадзіны, кажа дзяжурны пропуску.

Выплатай мыты вы таксама не абмяжуецеся, бо трэба яшчэ будзе аддаць каля 100 тысяч — за афармленне мытнай дэкларацыі і за стаянку на складзе часовага захоўвання.

Размяшчэнне на складзе часовага захоўвання заўсёды платнае, кажа дзяжурны "Верхнедзвінск-аўта":

"Пытанні, звязаныя з размяшчэннем транспартнага сродку ў зоне мытнага кантролю склада часовага захоўвання, вы будзеце ўдакладняць з уладальнікам склада. Таму тут могуць быць розныя сумы — 40 тысяч, 50, у кагосьці — 58 і г. д.".

Таксама 50 тысяч — за запаўненне дэкларацыі.

"Белмытсервіс": "Плюс вам яшчэ трэба будзе заплаціць нам за дэкларацыю. За тое, што мы яе набярэм — у межах 50 тысяч".

Мыта ў доларах, дадатковыя 100 тысяч, дзве гадзіны часу на ўнутраным пункце мытнага афармлення — і праз тры дні вы нарэшце зможаце перасекчы мяжу (другі раз за пяць дзён). Магчыма, таму Еўрарадыё так і не знайшло пункт мытнага афармлення, дзе працэдуру дэкларавання паліва прайшоў бы прынамсі адзін чалавек.

За паўтара месяца ні разу не аформілі мытную дэкларацыю на адным з пунктаў мытнага афармлення Гродна:

"Мы не рабілі, не афармлялі ні разу такога. Ніхто не звяртаўся".

На пункце пропуску "Ваўкавыск-аўта" (Гродзенская мытня) людзі толькі пыталіся пра запаўненне дэкларацыі, але ніхто ні разу так і не запоўніў.

"У нас не было нікога. Усе прыходзілі пыталіся, але ніхто не афармляўся".

Магчыма, людзі знайшлі іншы спосаб перасякаць мяжу часцей за пяць дзён? Як піша газета "Вячэрні Брэст", некаторыя "саляравозы" ўзялі даведкі ва ўкраінскіх органах мясцовага самакіравання, якія дазваляюць ім наведваць нібыта хворых сваякоў штодня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі