Мытны камітэт: Ужо мора людзей "развярнулі" з мяжы
Мытнікі самі не разумеюць, ці трэба плаціць за палову бака. І прызнаюцца, што знаходзяцца ў трансе.
Нагадаем, з 11 чэрвеня перасекчы мяжу з поўным бакам бензіну можна толькі раз на пяць сутак. У адваротным выпадку давядзецца запаўняць дэкларацыю і плаціць мыту.
Еўрарадыё пацікавілася, ці прымусяць плаціць дадаткова, калі ў вашым баку — мінімум бензіну і зразумела, што яго хопіць усяго на адну паездку? На жаль, адзінага меркавання на гэты конт у памежнікаў няма.
У Дзяржаўным мытным камітэце папярэджваюць, што калі ў баку паліва ўсяго на адну паездку, усё адно мусіце заплаціць мыту. Інакш могуць узнікнуць праблемы:
“Пытанне даволі складанае, таму на сённяшні дзень лепш перастрахавацца. Праблемы могуць узнікнуць, адразу вам кажу”.
Паводле супрацоўніка Мытнага камітэта, плаціць мыту трэба не на мяжы, а ва ўнутраным пункце мытнага афармлення.
Супрацоўнік Мытнага камітэта: “Ва ўнутраным пункце мытнага афармлення (толькі не на мяжы!), вы павінны падысці і сказаць: “Я хачу выехаць з 20 літрамі бензіну, мне трэба, бо я буду перасякаць мяжу часцей, чым раз у 5 дзён. І калі трэба — заплаціць нейкія плацяжы. І з гэтымі дакументамі выязджаць ужо. А інакш я думаю, што ў кожным разе ў вас узнікнуць праблемы”.
Еўрарадыё: Ці былі ўжо выпадкі, калі людзей “разварочвалі” з мяжы?
Мытны камітэт: "Ууууу, мора!"
А вось на памежным пункце ў Ашмянах кажуць, што за палову бака грошы не бяруць. Вызначаюць аб’ём паліва там па датчыку, а калі ён няспраўны, то лічаць, што бак запоўнены цалкам.
“Канешне, можна не плаціць. Дзяржаўны мытны камітэт дае дазвол вывозіць паліва да бліжэйшай запраўкі, каб хапіла. Але “да бліжэйшай запраўкі” — панятак расцягнуты… Таму мы так вызначыліся, што працуем толькі па поўных баках. Калі палова бака, то бачна, што гэта людзі не дзеля камерцыйных мэтаў вязуць…”.
Еўрарадыё: А як вы вызначыце, якога аб’ёму ў мяне бак?
Ашмянская мытня: "Не перажывайце, у нас па ўсіх мадэлях ёсць такая інфармацыя".
Ёсць і такія мытні, супрацоўнікі якіх дагэтуль “знаходзяцца ў трансе” і не ведаюць, што рабіць! У гэтым Еўрарадыё прызнаўся дзяжурны Брэсцкай мытні:
“Нам прыйшла пастанова Саўміна 753, 755. 11 чэрвеня 2011 года. Гэта не мы прыдумалі. Усё гэта трэба глядзець там. Ну, вось у нас ёсць гэтыя дзве лістоўкі, і мы ў іх глядзім. А ніхто нам не тлумачыў таксама — як гэта замяраецца? Мы таксама ў трансе!
Прабачце калі ласка, у нас гэты тэлефон цяпер абрываецца. Мы ўтраіх не паспяваем на чатыры тэлефоны адказваць. Усе тэлефануюць і пытаюцца. Вось і цяпер хтосьці тэлефануе. Вы паглядзіце ў інтэрнэце гэтую пастанову”.
Дзяжурны Гомельскай мытні кажа, што ўсіх тых, хто не заплаціць мыту, будуць "разварочваць" з мяжы.
“Проста будзе забарона і ўсё. Адмовяць у мытным афармленні”.
Еўрарадыё: І ці шмат людзей ужо "развярнулі"?
Дзяжурны: "Вы ж навіны чытаеце, што было на Брузгах, што яшчэ дзе. Рэгулярна, скажам так…"