На памежным пераходзе Брузгі разагналі мітынг кіроўцаў (фота, відэа)

Затрыманыя ў “Брузгах” павінны заплаціць па 500 долараў штрафу
Як паведамілі ў Гродзенскім раённым судзе, сёння разгледзелі прыкладна 15 спраў затрыманых на пераходзе ў “Брузгах”.

***

На пераходзе “Варшаўскі мост” у Брэсце пачалі збірацца пратэстоўцы

Пакуль там стаіць 10 чалавек, непадалёк знаходзіцца аўтазак.

***

Міліцыя паведамляе ўжо пра 22 затрыманых удзельнікаў акцыі ў Брузгах

Такую лічбу назваў прадстаўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч.

***

Бягун: Без рашэння суда ўдзельнікі акцыі ў Брузгах не стануць "невыязнымі"
Зрабіць невыязнымі затрыманых удзельнікаў акцыі ў Брузгах няма ніякіх падставаў.

***

У гродзенскім судзе пачалі выносіць прысуды “за Брузгі”
Адна з суддзяў катэгарычна адмовілася ад любых каментароў.

***

Актыўных удзельнікаў інцыдэнту ў Брузгах не выпусцяць за мяжу
Такую меру рыхтуюць супрацоўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту.

***

Суды над кіроўцамі, затрыманымі ў “Брузгах”, адкладаюцца
У Гродзенскім раённым судзе не аказалася сёння суддзяў.

***

Сведка: У Брузгі прыязджала група аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў

Еўрарадыё паразмаўляла з Сашам, яшчэ адным сведкам падзеяў у Брузгах

Еўрарадыё: Што адбылося ў Брузгах?

Саша: “Дзесьці а гадзіне шостай людзі перакрылі рух фураў, не давалі ім магчымасці рухацца, бо легкавыя аўтамабілі не ехалі і нікога не пускалі ці людзі проста пратэставалі. Да 8-й гадзіны атрымоўвалася ў людзей, але потым АМАП стаў адціскаць людзей, каля 10 чалавек затрымалі. Прымянілі сілу да людзей, была кроў... Вельмі шмат было АМАПу. Прыехалі з Ваўкавыску, з Гродна прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Чакалі мэра, каб мэр патлумачыў. Калі мэр прыехаў [насамрэч, старшыня Гродзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра], усе яго прасілі, каб адпусцілі затрыманых, але ён сказаў, што яны парушылі заканадаўства і будуць за гэта адказваць...

Працаваў эвакуатар, тыя машыны, якія блакавалі праезд, іх эвакуавалі адтуль... Прыязджала беларускае тэлебачанне. Яны здымалі некалькі чалавек, якія былі ў нецвярозым стане, каб потым паказаць — вось, глянце, хто там быў. Там было некалькі нецвярозых чалавек, але ўсе астатнія былі цвярозыя і цалкам нармальныя”.

***

Затрыманых на Брузгах абвінавачваюць у супраціве міліцыі?

Пра гэта расказала жонка аднаго з затрыманых кіроўцаў. Сёння яна наведала ізалятар часовага ўтрымання Кастрычніцкага раёна Гродна.

***

Міхаіл: “Мы вазілі не паліва ў Польшчу, а цыгарэты”
Удзельнік стыхійнага мітынгу ў Брузгах расказаў, што людзі гатовыя плаціць мыту за паліва, але патрабавалі зняць абмежаванне на вываз за мяжу цыгарэт.

***

Сведка: АМАП пачаў акружаць аўтазак, пайшоў газ і народ пабег ад аўтазака і ад губернатара
Еўрарадыё датэлефанавалася да сведкі ўчорашніх падзеяў у Брузгах Дзяніса.

Еўрарадыё: Ці сапраўды было жорсткае збіццё людзей, затрыманні?

Дзяніс: “Так, быў разгон мірнай акцыі”.

Еўрарадыё: Колькі чалавек было затрымана?

Дзяніс: “Я не магу сказаць. Але мне здаецца, шмат затрымалі, гледзячы на тое, што другі яшчэ аўтазак пад’язджаў”.

Еўрарадыё: Як гэта ўсё пачалося, што стала прычынай?

Дзяніс: “Гэта была цалкам мірная акцыя на пешаходным пераходзе. Калі прыехала нашае гарадское (насамрэч, абласное — Еўрарадыё) кіраўніцтва, адразу пачало размову так. Словы даслоўна нашага губернатара былі: “Не ўсе сёння даедуць дадому”... Вось так ён пачаў сваю размову з народам. Але народ пайшоў на размову. Губернатара слухалі, ён абяцаў, што нешта паспрабуе зрабіць. Народ яго слухаў і ўсё было добра. І недзе за хвілінаў 10 ад таго, як пачаўся разгон, народ ужо быў гатовы адыйсці ад дарогі. Былі ўжо канкрэтныя пытанні, што нам рабіць у гэтай сітуацыі. І тут з’явіўся АМАП. І тады народ перастаў слухаць губернатара і пайшоў бліжэй да пешаходнага перахода”.

Еўрарадыё: Ці была нейкая размова са спецназам?

Дзяніс: “Калі яшчэ была першая хваля, народ узяўся за рукі, спяваў наш гімн. І пасля гэтага першая хваля АМАПу адступіла. Пасля гэтага была другая хваля, якая ўжо разагнала [людзей]”.

Еўрарадыё: А чаму вы лічыце, што першая хваля адступіла. Яны чакалі падтрымкі, ім не хапала сілаў ці Сямён Шапіра таксама спрабаваў цягнуць час?

Дзяніс: “Не было падобна, што губернатар чакаў аўтазакаў. Ён фактычна знайшоў агульную мову [з людзьмі], ну, 10 хвлілін засталося весці гаворку, для поўнага рашэння ўсіх пытанняў, але выступіў АМАП. Гэта паказала, што гаспадар у нас у горадзе не губернатар, а нехта іншы”.

Еўрарадыё: Што менавіта казаў Шапіра, што ён абяцаў?

Дзяніс: “Казаў, што гэтае пытанне будзе падымацца. Там пытанне стаіць не ў тым, колькі перавезці ў адзін дзень паліва, а ў тым, што людзі, якія ўчора былі на літоўскай мяжы, а сёння яны ўжо Брузгі не змаглі праехаць... Ім сказалі, што вы ўчора пераязджалі Друскенікі, ездзілі ў аква-парк, вы маглі везці туды салярку. Пытанне ў гэтым – не пускалі народ той, які ездзіў учора, пазаўчора”.

Еўрарадыё: Ці ў вас ёсць інфармацыя пра затрыманых? Будуць суды над імі?

Дзяніс: “Не, гэтай інфармацыі няма, бо ўчора пасля першага разгона гэтай мірнай акцыі, народ сабраўся каля аўтазака і там стаяў наш губернатар. “Наш” ужо пэўна кепска казаць, бо даверу да яго няма — і  народ прасіў, каб ён паўплываў, каб адпусцілі людзей. (Людзі нічога ўвогуле не рабілі. І недзе чалавек 15 дзяцей да 12 гадоў было, якія ўсё гэта бачылі і таксама патрапілі пад гэты газ. І губернатар патрапіў). І там, калі ўсе стаялі каля аўтазака, губернатару казалі, каб адпусцілі людзей, бо яны нічога не рабілі. То губернатар нічога не мог сказаць, бо ён сам быў у шоку, не кожны дзень такія "прыгоды" яму выпадаюць. І ў гэты час зноў АМАП пачаў акружаць аўтазак, пайшоў газ і народ пабег ад аўтазака, і ад губернатара Гродзенскай вобласці”.

Еўрарадыё: Ад каго мог паступіць такі загад, пра разгон людзей?

Дзяніс: “Дакладна я не магу сказаць, але я стаяў блізка каля губернатара і, падаецца, ён не даваў такой каманды. Але не ведаю дакладна”.

Еўрарадыё: Колькі было аўтазакаў?

Дзяніс: “Адзін аўтазак быў адразу, у які закідвалі людзей. А другі аўтазак ён ужо пад’язджаў пазней, калі мы ўжо раз’язджаліся адтуль”.

***

10:38. На памежным пераходзе Баброўнікі дзяжурыць АМАП

Пра гэта Еўрарадыё расказаў жыхар Зэльвы Аляксандр, які ехаў у Польшчу.

За мяжу яго не пусцілі, бо не прайшло пяці дзён з даты апошняй паездкі. Нагадаем, што менавіта гэтае новаўвядзенне пры пераездзе мяжы Мытнага саюза было прынятае з 12 чэрвеня. І ўвечары ў нядзелю з гэтай нагоды адбылася несанкцыяваная акцыя ў Брузгах.

Паводле словаў Аляксандра, чаргі аўтамабіляў з беларускага боку на Баброўніках няма ўвогуле.

***

Як паведамляе "Наша ніва", суды над затрыманымі пройдуць сёння ў Гродзенскім раённым судзе. Колькасць затрыманых пакуль невядомая.

***

Стыхійны мітынг кіроўцаў утварыўся вечарам 12 чэрвеня на памежным пераходзе Брузгі на Гродзеншчыне. Паводле новых правілаў (ад 11 чэрвеня) яны мусяць сплаціць пошліну "за вываз фізасобамі аўтамабільнага паліва". Цяпер паліва, якое вывозіцца больш за адзін раз на працягу пяці сутак "за межы Мытнага саюза", абкладаецца экспартнай пошлінай. Таму многім з жадаючых ехаць у Польшчу давялося вярнуцца дадому.

Паступова колькасць такіх “завернутых” з мяжы машын стала павялічвацца. Утварыўся стыхійны мітынг незадаволеных кіроўцаў. З’явіўся міліцэйскі спецназ і два аўтазакі. На фота, размешчаных на “Гродзенскім форуме”, бачна, як праезд да мяжы перакрылі "сілавікі".

Больш за сто чалавек пабраліся за рукі і працягвалі перакрываць пераход. У самы напружаны момант кіроўцы заспявалі дзяржаўны гімн.

Пра тое, што міліцэйскі спецназ разагнаў удзельнікаў стыхійнага страйку і ўжываў пры гэтым слёзацечны газ, Еўрарадыё распавёў Дзяніс, які прысутнічаў на месцы падзеяў.

 
Пратэстоўцы патрабавалі сустрэчы з гродзенскім "губернатарам". На памежны пераход прыязджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Паводле слоў Дзяніса, першымі словамі Шапіры былі "Не ўсе сёння паедуць дадому"... Пазней, калі адбыліся затрыманні, людзі прасілі ў кіраўніка вобласці, які стаяў каля аўтазака, каб ён адпусціў людзей. Але неўзабаве спецназаўцы адагналі кіроўцаў.

Фота — forum.grodno.net, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі