NASA: аскепкі астэроіда могуць падаць дзе заўгодна (інфаграфіка траекторыі)

Яго вага 130 тысяч тон, сярэдняя хуткасць 31 кіламетраў за секунду. 15 лютага а 22-25 па мінскім часе ён праляціць на мінімальнай адлегласці ад Зямлі — у 27 700 кіламетрах. Гэтая адлегласць прыблізна роўная двум дыяметрам планеты.

Для параўнання, спадарожнікі сувязі на геастацыянарнай арбіце лётаюць на вышыні 35 800 кіламетраў. Для таго, каб паглядзець на астэроід, спатрэбіцца бінокль ці тэлескоп. У залежнасці ад надвор'я ён будзе бачны з часткі Еўропы, Афрыкі і Азіі. Астэроід будзе рухацца адносна хутка і перасякаць неба з поўдня на поўнач.

Гэта найбліжэйшы падыход гэтага астэроіда да Зямлі за многія дзесяцігоддзі. Наступны блізкі падыход будзе 15 лютага 2046 года, калі ён пройдзе на адлегласці ў 1 мільён кіламетраў.

У час найбольшага збліжэння з Зямлёй астэроід будзе знаходзіцца над усходняй часткай Індыйскага акіяну ля берагоў Суматры.

Побач з астэроідам можа ісці шмат дробных часціц, якія могуць быць прыцягнутыя да планеты і ўпасці дзе заўгодна. Падзенне ж самога астэроіда немагчымае, запэўніваюць спецыялісты NASA.

З 1990 года астраномы ніколі не бачылі такога вялікага аб'екта, які б пралятаў так блізка да Зямлі.

Навукоўцы NASA мяркуюць, што ёсць каля 500 тысяч калязямных астэроідаў памерам з 2012 DA14. З іх выяўленыя менш за 1 працэнт. Астэроід 2012 DA14 быў упершыню выяўлены ў астранамічнай абсерваторыі на Маёрцы ў Іспаніі 23 лютага 2012 года. Навукоўцы NASA даюць ацэнку, што астэроід такога памеру будзе пралятаць побач з Зямлёй у сярэднім кожныя 40 гадоў, а сутыкацца — кожныя 1200 гадоў.

Вельмі мала шансаў, што астэроід сутыкнецца з нейкім спадарожнікам. Бо на яго шляху амаль няма спадарожнікаў.

Дарэчы, калі б такі астэроід сутыкнуўся з Зямлёй, то выпусціў бы 2,5 мегатоны энергіі ў атмасферу, што прывяло б да рэгіянальных разбурэнняў. Наступствы сутыкнення можна параўнаць з Тунгускім метэарытам, але яго ўздзеянне было трошкі меншым, чым 2012 DA14.

NASA пакажа хроніку пралёта у прамым эфіры па NASA TVТут ужо ідзе трансляцыя з МКС. Трансляцыя пачнецца а 22 гадзіне па беларускім часе, калі астэроід максімальна наблізіцца да Зямлі.

Мадэліраванне ў рэальным часе паказвае шлях астэроіда. Абнаўляецца кожныя 2 хвіліны.


На гэтай выяве мы бачым Зямлю з кропкі над Паўночным полюсам.

 

Тут Паўночны полюс знаходзіцца ўверсе, як мы бачым выяву Зямлі на мапах.

 

 

Па матэрыялах NASA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі