Настаўнік мусіць выпісваць два выданні, камунальнік — дзесяць

121029_martynovi4_podpiska.mp3

Выпускніца медыцынскага ўніверсітэта Наста працуе па размеркаванні ў дзіцячай стаматалогіі. Кожныя паўгода яна мусіць выпісваць профільнае выданне — “Медыцынскі веснік”.

А адмовіцца — пагражаюць пакінуць без прэміі.

Наста: “Абавязкова "Веснік" трэба выпісваць. Раз на паўгода. Апошні раз гэта было ў раёне 100 тысяч рублёў”.

Як малады спецыяліст Наста атрымоўвае крыху больш за 2 мільёны рублёў на месяц. 100 тысяч хапіла б на два абеды ў прыстойнай кавярні.

Школьная настаўніца гісторыі Юля выпісвае часопіс “Беларуская думка” і “Настаўніцкую газету”.

“Там спіс неабходных выданняў. Кожны настаўнік павінен выпісваць нейкія друкаваныя выданні. Складаюцца спісы, хто на што павінен падпісацца. Былі і тыя, хто адмаўляўся”, — гаворыць дзяўчына.

Значыць, адмовіцца ўсё ж можна!

Штомесяц на метадычную літаратуру настаўніку налічваюць каля 30 тысяч рублёў. За паўгода можна назбіраць на падпіску “Беларускай думкі”, якая каштуе 116 тысяч рублёў.

Падпісвацца на дзяржаўныя выданні мусяць нават прыватнікі. Універсам “Байкальскі” выпісвае “паводле рэкамендацыі Мінгарвыканкама” газеты “Беларусь сегодня” і “Рэспубліка”.

“Яны яшчэ шмат на што абавязваюць падпісвацца, ну мы пагадзіліся толькі на гэта. Яшчэ іх інфармуем, на што дакладна падпісаліся”, — апавядаюць Еўрарадыё ў краме. На ўніверсам выпісваюць некалькі асобнікаў газет.

Чыгуначнікам трэба выпісваць "Железнодорожник Белоруссии", але падпісваюцца не ўсе.

“Спіс жадаючых, потым падпісваеш у бібліятэцы, і з заробку ўтрымліваюць. Мы атрымоўваем шэсць асобнікаў на аддзел. Адзін пачытаў і перадаў іншаму, як баявы лісток”, — расказвае Еўрарадыё супрацоўнік Баранавіцкага аддзела чыгункі Аляксандр.

Каштуе падпіска на газету "Железнодорожник Белоруссии" 100 тысяч на паўгода. Не так і шмат для сярэдняга заробку чыгуначніка ў 4 мільёны рублёў на месяц.

Дзяржаўную прэсу трэба выпісваць нават камунальнікам у ЖЭСе.

“У нас “Cоветская Белоруссия", “Минский курьер”, профільны часопіс Міністэрства “Жыві, як гаспадар”, каля дзесяці (!) выданняў. Гэта на арганізацыю прыходзіць. Але гэта мы бярэм на свае растраты”, — даводзяць у мінскім ЖЭСе №103.

Ну, хаця б з дворнікаў грошы за падпіску не здымаюць.

Фота:dom.a42.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі