Наталля Васілевіч: Чалавек ходзіць на працу і не ведае, што звольнены

У чацвер Маскоўскі суд сталіцы пачаў разгляд іску да Інстытута правазнаўства яго былой выкладчыцы Наталлі Васілевіч. Восенню яна працавала, не ведаючы, што ўжо звольненая... Еўрарадыё паразмаўляла з Васілевіч у жывым эфіры.

Еўрарадыё: На пачатку навучальнага года з вамі не працягнулі кантракт. Зрабілі гэта “заднім чыслом”, пры гэтым вы яшчэ выкладалі ва ўніверсітэце, а цяпер спрабуеце праз суд аднавіцца на працы, баронячы свае правы і правы вашых студэнтаў, якія павінны ці занава здаваць прадмет, ці ануляваць яго. Патлумачце, як так стала, што справа дайшла да судовага разбіральніцтва?
111202 Vasilevich_site.mp3
Наталля Васілевіч: У судовым разбіральніцтве я спрабую даказаць, што я перш-наперш не былая выкладчыца. Калі чалавек ходзіць на заняткі, калі яго імя прысутнічае ў раскладзе, праца працягваецца і ў цяперашнім часе. Мае асноўныя патрабаванні да суда — прызнаць факт працоўных дачыненняў паміж мною і ўстановай адукацыі "Беларускі інстытут правазнаўства". Гэта тычыцца не толькі мяне, гэта тычыцца таксама маіх студэнтаў. Пад пагрозу пастаўленыя каля двухсот студэнтаў, якія здавалі залікі, атрымлівалі рэцэнзіі для паступлення ў аспірантуру. На маю думку, да гэтай сітуацыі прывяла не зусім правільная пазіцыя кіраўніцтва інстытута.

Еўрарадыё: А ў чым менавіта заключацце гэтая пазіцыя?

Наталля Васілевіч: У тым, што дакументы на маё звальненне афармляліся не ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам, што прывяло да такой сітуацыі. Фармальна, чалавек звольнены, але на самой справе, працуе, не атрымліваючы пры гэтым заробку. БІП спрабуе неяк вырашыць гэтую праблему. Яны не супраць таго, каб я і далей працавала, але не паводле працоўнага кантракту, а паводле дамовы “падраду”. Гэта зусім іншы спосаб працы, з маленечкай зарплатай. Можа, такім чынам яны спрабуюць зэканоміць на мне?..

Еўрарадыё: Як цяпер гэта выглядае? Заняткі вы праводзіце, а заробак не атрымліваеце?

Наталля Васілевіч: З сярэдзіны лістапада я ўжо не праводжу заняткаў, бо мяне знялі з раскладу. Але заробку я не атрымала і за тыя заняткі, якія праводзіла ад пачатку верасня, на дзённым аддзяленні, завочным…

Еўрарадыё: А чаму не хочуць працягнуць кантракт? Яны толькі хочуць зэканоміць, ці вы заўважаеце нейкія іншыя прычыны?

Наталля Васілевіч: Я не ведаю, хто не хоча працягнуць кантракт, бо кіраўніцтвы абедзвюх кафедраў, на якіх я працую, лічыць мяне добрай выкладчыцай. Яны хадайнічаюць перад рэктарам, каб пакінулі мяне на працы. Кіраўніцтва дэканатаў таксама мяне ўспрымае добра, запрашае чытаць лекцыі. Прарэктары, сустракаючыся са мной, кажуць мне добрыя словы, спадзеючыся, што я далей буду працаваць. Рэктар, напэўна, адзіная службовая асоба, якая не хоча мяне бачыць выкладчыкам інстытута.

Еўрарадыё: Учора было першае судовае паседжанне. Ці ёсць ужо нейкія вынікі?

Наталля Васілевіч: Вынікаў ніякіх няма. Паседжанне, можна сказаць, не пачалося. Суддзя каля дзвюх гадзін спрабавала схіліць мяне да змены фармулёўкі маіх патрабаванняў да Інстытута правазнаўства. Напэўна, каб лягчэй было адмовіць у іх паводле фармальных прыкмет, накшталт пропуску тэрмінаў і іншых рэчаў. Яны не хочуць разглядаць справу па сутнасці, а проста хочуць сказаць нешта накшталт таго, што мне трэба было ў месячны тэрмін звярнуцца, а цяпер месяц ужо прайшоў і я не маю права звяртацца ў суд.

Еўрарадыё: Суддзя спрабуе вас юрыдычна заблытаць?

Наталля Васілевіч: Так. Галоўная справа суда — здзейсніць правасуддзе. Суддзя, разгледзеўшы мае патрабаванні, павінен вынесці рашэнне, ці адпавядаюць яны заканадаўству і рэчаіснасці, ці абгрунтаваныя яны на падставе закону і на падставе фактаў. А займацца фармулёўкай патрабаванняў — гэта мой клопат. Суддзя можа толькі адмовіць і напісаць абгрунтаваны адказ, чаму адмоўлена. А ціснуць на чалавека, каб ён змяніў патрабаванні — не задача судовай улады.

Еўрарадыё: Калі будзе наступнае паседжанне?

Наталля Васілевіч: 7-га снежня. А 5-га снежня я павінна прадставіць свае новыя перафармуляваныя патрабаванні і 7-га іх будуць разглядаць зноў. На першае паседжанне прыйшло шмат студэнтаў, мае калегі з Інстытута правазнаўства. Напрыканцы паседжання падышла міліцыя і пачала патрабаваць асабістыя дадзеныя ад прысутных на паседжанні, дарма, што паседжанне з’яўляецца адкрытым і любы грамадзянін РБ, кожны з вуліцы, можа на ім прысутнічаць.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі