Нацэнкі на "чарніла" і "марожка" ў Беларусі аднолькавыя
Еўрарадыё даведалася, на якой катэгорыі насельніцтва больш за ўсё зарабляюць прадуктовыя крамы.
Па-ранейшаму ці не асноўны прыбытак у гандаль ідзе ад аматараў алкаголю. З адной бутэлькі гарэлкі крама зарабляе амаль чатыры з паловай тысячы рублёў.
"Нацэнка на віно і гарэлку ў нас 35%. Цяпер можна хоць 100% рабіць, але мы робім 35%", — тлумачаць Еўрарадыё ў віна-гарэлачнай краме па вуліцы Карла Маркса.
Падлікі простыя. Бутэлька гарэлкі з красамоўнай назвай "Ну і што" каштуе 16700. Вылічваем 35% надбаўкі — гэта 4330. Такую суму мае крама з адной бутэлькі гарэлкі. Ну і някепска!
Нацэнка на ёгурт і на марозіва амаль такая самая, як і на алкаголь (!) — 30%. Калі вы купіце "Пламбір сямейны" за 5360, то 1237 з гэтай сумы аддасце краме.
Хлеб і малако застаюцца ў спісе сацыяльна значных тавараў, таму гандлёвыя надбаўкі на гэтыя тавары значна ніжэйшыя, тлумачаць у краме.
Крама: “На хлеб гандлёвая надбаўка — 15%, на малако — 11%. "Кандытарка" ўжо ідзе 30%. Ёсць такая пастанова, дзе прапісаныя ўсе максімальныя гандлёвыя надбаўкі, якія мы можам прымяняць менавіта на гэтыя сацыяльна значныя тавары”.
Хлеб “Кунцаўскі” ў краме на Карла Маркса каштуе 5080, а літр малака “Здравушка” — 3130. Паводле падлікаў Еўрарадыё, з адной бабулькі, якая купіла пакет малака і бохан хлеба, крама будзе мець тысячу.
А вось на далікатэсную рыбу і ікру нацэнкі таксама вялікія.
“На рыбу — 23%, 28%. А далікатэсная рыба ідзе 33%. Ікра — таксама 33%”, — тлумачаць Еўрарадыё ў адной з мінскіх крамаў, якая гандлюе рыбапрадуктамі.
Падлічым, колькі грошай будзе мець крама з адной бляшанкі ікры (каштуе 65 тыс). Амаль 21,5 тысячы!
Атрымліваецца, што больш за ўсё крамы зарабляюць усё ж такі на аматарах ікры і далікатэснай рыбы. Але рэч у тым, што яе і купляюць — таксама менш…
Еўрарадыё апытала людзей на вуліцы: ад чаго ім давялося адмовіцца з-за крызісу?
— Ад сушы, ікру чырвоную не ем. Дорага!
— Па-першае, мяса не знойдзеш, па-другое, ад дэлікатэсаў даводзіцца адмаўляцца. Рыбу, асабліва чырвоную, увогуле не купіш. Вэнджаныя каўбасы, якасныя…
— У асноўным ад садавіны…
Еўрарадыё знайшло яшчэ адзін прадукт, нацэнка на які яшчэ большая, чым на гарэлку і на чырвоную рыбу. І гэта… грэчка.
Адпускная цана грэчкі — трошку больш за 10 тысяч. Расказвае дырэктар Гомельскага камбіната хлебапрадуктаў Міхаіл Белашыцкі:
“Мы адпускаем па 10 тысяч, 10 090 — адпускная цана. Потым гандлёвая надбаўка”.
У краме №4, што належыць да "Белбакалеі", кілаграм грэчкі каштуе 16110 рублёў. Атрымліваецца, што нацэнка на крупы — амаль 60%?