Навуковец: Ці ідал гэта – яшчэ пытанне! (Фота)
З Расонскага ідала бурам выкруцілі узор, каб вызначыць узрост дрэва.
“Ці ідал гэта – яшчэ пытанне. Ёсць варыянт, што гэта проста скульптура”, - кажа дэндрахранолаг Максім Ярмохін. Навуковец з Інстытута эксперыментальнай батанікі ў бліжэйшы месяц вызначыць узрост самога дуба.
Якім чынам гэта робіцца, Максім расказвае і паказвае спецыяльна для Еўрарадыё.
“Паспрабуем вызначыць той час, калі дрэва, з якога выразаны ідал, загінула. У прынцыпе, гэта можа быць як тысячу гадоў таму, так і 50… Зразумела, што калі дрэва загінула 50 гадоў таму, то выява не магла быць выразаная 1000 гадоў таму…”
Вось такую прыладу ўкруцілі ў Расонскага ідала, каб узяць з яго узор драўніны. Цяпер гэты ўзор ляжыць і сохне… І ўжо пасля, па гадавых колах, навукоўцы будуць вызначаць узрост дрэва.
Максім Ярмохін: “Мы ўзялі узор драўніны… Кавалачак, на якім будуць бачныя гадавыя колы. Былі ўзятыя два узоры. Адзін – з асноўнай часткі ствала, якая згарэла… Таксама спецыяльным бурам быў узяты узор з веткі, на якой выразана сама выява. Узор дуба цяпер акуратна сохне, каб яго было магчыма нармальна зашліфаваць. Пасля будзем вымяраць гадавыя колы…”
Вызначыць узрост дрэва, з якога зроблены ідал, магчыма, нават дапамогуць нямецкія навукоўцы!
Максім Ярмохін: “Акурат у канцы верасня я буду ў Германіі, пагутару з нямецкімі спецыялістамі. Можа быць, яны дапамогуць з даціроўкай. Паглядзім, што атрымаецца... Ён можа быць як ад сённяшніх гадоў, так і да 9-га стагоддзя… Магчыма, нават, і раней. Дзесьці там ён знаходзіцца. Але дзе – пакуль казаць рана”.
“Расонскі ідал, магчыма, стане самым старажытным з таго, што ў нас ёсць”, - кажа Максім Ярмохін. Самае старажытнае дрэва, якое знайшлі на тэрыторыі Беларусі да гэтага часу датуецца 1597-м годам.
Дэндрахраналогіяй у Беларусі пачалі займацца яшчэ ў 60-70 гг. Але ў тыя часы ўсе матэрыялы адпраўлялі на даціроўку ў Маскву. І толькі з 2008 года пачалі займацца даціроўкай самі.
Ярмохін: “У 2008 годзе ўзялі першыя узоры ў Мінску падчас раскопак на тэрыторыі Бернардынскага кляштару. Яны былі даволі дакладна датаваныя 1897 годам. Затым – Нясвіжскі замак. Падчас рэканструкцыі ўзялі даволі вялікую колькасць драўніны. Самыя старыя канструкцыі, што былі знойдзеныя, датуюцца 1720 годам.
У Віцебску летась быў цікавы матэрыял. На глыбіні 4-х метраў быў знойдзены зруб. Мы ўзялі адтуль узоры драўніны. Гэты зруб датаваўся 1597-м годам”.
Дэндрахраналогія дапамагае выявіць падробкі ў мастацтве, расказвае Максім Ярмохін. У некаторых краінах Еўропы такім чынам вызначалі якая з карцінаў сапраўдная, а якая – копія:
“У Еўропе ёсць такія выпадкі, калі датавалі сярэдневяковыя карціны. Яны раней пісаліся на дошках. З дошак бралі узоры драўніны, вымяралі гадавыя колы і датавалі з дакладнасцю плюс-мінус 10 гадоў, калі дрэва, з якога былі ўзятыя гэтыя дошкі, загінула. І ў прынцыпе гэта даволі адэкватна адлюстроўвала той час, калі карціна была напісаная”.
Пасля таго, як вызначаць узрост дрэва, з якога зроблены ідал, скульптуру закансервуюць. Цяпер ідал ляжыць у інстытуце Гісторыі… Але ўжо не на ўваходзе, а ў спецыяльным памяшканні.