Neuro Dubel прэзентуе на Еўрарадыё песню з новага альбома (спампаваць)
За дзень да выхаду альбома “До..уя советчиков” музыкі выкладаюць кавер “Куба — любоў мая”, якую некалі спявалі Магамаеў і Кабзон.
Напярэдадні выхаду новага альбома “ДС” гурт Neuro Dubel вырашыў прэзентаваць на Еўрарадыё песню “Куба”. Трэк працягвае традыцыю гурта выдаваць па адным каверы на альбоме і з’яўляецца перапрацоўкай савецкага хіта “Куба — любовь моя”. Песня не вельмі вядомая сучаснаму слухачу, бо была напісаная ў 1962 годзе адмыслова да першага візіту ў Маскву прэзідэнта Незалежнай рэспублікі Куба Фідэля Кастра. Але на думку лідара гурта Аляксандра Кулінковіча, менавіта гэты факт робіць яе цікавай, бо маладое пакаленне будзе слухаць як новую песню пра любоў, свабоду ды вернасць Радзіме.
“Як сказаў наш былы гітарыст Максім Паравой, які нядаўна быў на Кубе, тое, што цяпер там адбываецца, проста страшна, — тлумачыць выбар песні Аляксандр Кулінковіч. — Але тым не менш, людзі там пастаянна ўсміхаюцца, людзі вераць у сваю ідэю, людзі вераць у сваю светлую будучыню ды плююць на ўсіх. Менавіта гэтым мне заўсёды Куба і падабалася. Свабода і Радзіма — гэта рэчы не палітычныя, на мой погляд. Ты можаш быць правым, можаш быць левым, але свабода і Радзіма ў кожнага свая! Мне падаецца, песня менавіта пра гэта”.
Песня “Куба — любовь моя” выконвалася рознымі савецкімі спевакамі, але ў рукі да музыкаў трапіў запіс Мусліма Магамаева. Калі кавер быў ужо амаль гатовы, выпадкова яны пачулі варыянт Іосіфа Кабзона, прычым, у абсалютна іншай манеры выканання і падачы. Neuro Dubel доўга вырашалі, чыя версія больш вартая ўвагі і ў выніку кінулі манетку. Такім чынам, быў абраны ўжо амаль зроблены варыянт. Праўда, з-за няведання іспанскай мовы і дзеля жарту таксама, кавалак арыгінальнага тэксту, дзе гучыць “Родина или смерть! Patria o muerte!”, музыкі спяваюць проста “Родина или смерть! Что-то там по-испански!”
Нагадаем, альбом “До..уя советчиков” будзе прэзентаваны падчас канцэртаў 20, 21 лістапада і ўвесь цалкам будзе выкладзены на сайце гурта. Дыскі ж можна будзе набыць на бліжэйшых канцэртах. Прычым, прадаваць альбом у крамах музыкі ўвогуле не плануюць… пакуль.
Слухаць “Куба”:
Музыка: Аляксандра Пахмутава
Словы: Сяргей Грабеннікаў, Мікалай Дабранраваў
Вялікае інтэрв'ю з Аляксандрам Кулінковічам напярэдадні выхаду альбома “До..уя советчиков”