“Ніхто не займаецца вытворчасцю, а толькі гуляюцца на фінансавым рынку”

На пытанні Еўрарадыё адказаў эканаміст Аляксандр Гатоўскі.

 

Пасля нядоўгага зацішша на валютным рынку ізноў ледзьве не пачалася паніка… Курс долара імкліва рос і нават пераваліў за 9 тысяч. Як на вашую думку, што цяпер адбываецца ў эканоміцы Беларусі? І ці варта чакаць другой хвалі валютнага крызісу, калі ў абменніках не было валюты, а людзі і фірмы набывалі яе на чорным рынку?


Аляксандр Гатоўскі: Сітуацыя, калі на альтэрнатыўным рынку курс змяняўся на 1-2% за дзень, была ненармальнай. Таму рашэнне пра дадатковую сесію мусіла ўмацаваць працу рынка. Усе чакалі, што курс будзе ўмацоўвацца.

І ў прынцыпе дынаміка другой паловы верасня ўкладвалася ў гэтыя прагнозы. Але, на жаль, пасля адбыліся нейкія нестандартныя сітуацыі. Пачнем з таго, што старшыня Нацбанка Ермакова заявіла, што ў кастрычніку Нацыянальны банк будзе ажыццяўляць інтэрвенцыі на валютным рынку, то бок прадаваць валюту з рэзерваў.

Гэта быў не вельмі добры сігнал для рынку, і мы бачым, што ўжо на наступны дзень попыт на валюту рэзка ўзляцеў у два разы. То бок фактычна рынак, які паўгода знаходзіўся ў ценявым стане, у стане недаверу і негатыўных чаканняў, рынак, які літаральна тры тыдні таму пачаў прыходзіць у сябе, ізноў атрымаў негатыўны сігнал. І фактычна гэта паслужыла адпраўной кропкай да цяперашняй сітуацыі.

Попыт вырас досыць моцна. Нацбанк не цалкам аператыўна адрэагаваў на гэтую сітуацыю і дапусціў падзенне беларускага рубля на дадатковай сесіі. Дзень, два, тры… Гэтых некалькіх дзён было дастаткова для таго, каб эканоміка, суб’екты гаспадарання, эканамічныя агенты пабачылі, што курс нестабільны, і ўсе негатыўныя чаканні вельмі хутка ўзнавіліся.

Сёння нават экспарцёры, калі паглядзець, як праходзяць таргі, гуляюць на павышэнне курса долара і паніжэнне курса рубля… То бок, экспарцёры прапануюць на рынку мінімальны аб’ём валюты і чакаюць, калі курс пойдзе ўгару. І калі курс ідзе ўгару, яны пачынаюць прадаваць валюту, якая ў іх ёсць. Фактычна, такім чынам яны гуляюць на паніжэнне курса рубля.

Банкі таксама выстаўляюць курс пакупкі ў абменніках вышэй за курс на дадатковай сесіі. То бок яны закладваюць, што на наступны дзень курс вырасце, і таксама гуляюць на паніжэнне курса беларускага рубля.

Ці разумеюць эканамісты ва ўрадзе ўсё гэта? Ці ведаюць, што адбываецца, і ці пралічваюць, што трэба рабіць далей?


Аляксандр Гатоўскі: Я думаю, гэта лепш непасрэдна ў іх запытаць, што яны там пралічваюць і якія захады збіраюцца прымаць. Я не інфармаваны па дадзеным пытанні. Тым больш, што ў нас ёсць і Міністэрства эканомікі, і Нацбанк…

Апошнім часам Нацыянальны банк пачаў на валютным рынку працаваць з інтэрвенцыямі, то бок прадаваць валюту з рэзерваў. Але я лічу, што трэба або цалкам насыціць рынак і спыніць цяперашняе падзенне — даць сігнал эканоміцы, што курс усё ж такі стабільны і ўсё ў краіне добра; або, калі ўжо даем падаць, то даць курсу ўпасці да такой адзнакі, каб попыт на гэтую валюту проста перастаў расці, каб усе пабачылі, што курс для попыту — непад’ёмны. Што мы дасягнулі нейкай ніжняй кропкі, і ад гэтай кропкі пачалі ўжо працаваць.

Але ў нас сёння адбываецца нейкі палавінчаты варыянт, калі Нацбанк яўна выходзіць з нейкімі невялікімі інтэрвенцыямі, але ён дапускае даволі высокія тэмпы зніжэння беларускага рубля. То бок ні адзін варыянт не рэалізуецца, ні іншы.

Я лічу, што сёння трэба ўсё ж такі вызначыцца з тым варыянтам, які будзе рэалізоўвацца ў Беларусі на валютным рынку. І неяк ужо пачаць дзейнічаць у адным рэчышчы.

У краінах з ліберальнай эканомікай падчас крызісу могуць уводзіць адміністратыўныя меры, і гэта дапамагае выйсці з крызісу. Наша ж эканоміка і так зарэгуляваная, і мы сабе такога не можам дазволіць… Якія ёсць іншыя варыянты?


Аляксандр Гатоўскі: На сёння трэба проста прывесці эканоміку да свайго ўзроўню. То бок тое, што мы рабілі ў мінулым годзе, калі гналі заробак хутчэй, чым можа дазволіць канкурэнтаздольнасць нашай эканомікі, — гэта было няправільна. А сёлета, наадварот, узровень упаў нашмат ніжэй за тую адзнаку, якую мы маглі б сабе дазволіць. Сёння эканоміка не знаходзіцца ў раўнаважным стане, яе кідае з боку у бок. Галоўная задача — неяк у гэтую кропку прыйсці і больш-менш эканоміку стабілізаваць.

У нармальнай сітуацыі попыт рэгулюе ўзровень і курса, і заробкаў, і ўсяго астатняга. А ў такой сітуацыі, як сёння, няма ніякіх абмежавальных механізмаў. Таму што на сёння вы можаце ўзяць крэдыт пад любую працэнтную стаўку гадавых — і 200%, і 300%, і колькі заўгодна працэнтаў. За два дні гэты курс зменіцца на 10%. То бок вы купіце валюту, праз 2 дні прадасце і заробіце грошы з нічога.

І калі ўзнікае такая нестабільнасць — вельмі цяжка прыйсці ў кропку раўнавагі. Але на сёння задача заключаецца менавіта ў гэтым.

Што вы скажаце пра індэксацыю заробкаў у сённяшніх умовах, а таксама пра выплату матэрыяльнай дапамогі па 500 тысяч? З аднаго боку — гэта, вядома, дапамагае людзям, але, напэўна, не на доўгі час. А з іншага боку — яшчэ больш раскручвае інфляцыю і дэвальвацыю…


Аляксандр Гатоўскі: Мы, канешне, можам пакінуць сваё насельніцтва ўвогуле без сродкаў да існавання, спрабуючы стрымаць інфляцыю. Усё ж такі працэсы, якія адбываюцца, вельмі моцна ўдарылі па нашым насельніцтве. Прабачце, нельга эканоміку спыніць, пачакаць, калі яна стабілізуецца — а пасля ізноў пачаць выплочваць людзям прыбыткі і дазволіць людзям жыць. Складанасць эканомікі як раз і ёсць у тым, што ўсе захады трэба рабіць у сістэме.

У такім разе каго больш важна цяпер падтрымліваць: самі заводы або людзей, якія на гэтых заводах працуюць?


Аляксандр Гатоўскі: Увогуле, я лічу, што і самі прадпрыемствы, і працаўнікі на гэтых прадпрыемствах павінны працаваць у межах канкурэнтаздольнасці той прадукцыі, якую яны выпускаюць. І казаць пра тое, што дзяржава павінна падтрымліваць прадпрыемствы ці працаўнікоў канкрэтных прадпрыемстваў — гэта ў прынцыпе няправільна.

Дзяржава можа падтрымліваць нейкія напрамкі, якія лічыць важнымі для развіцця эканомікі. У сусветнай практыцы ёсць інструменты, ёсць прамысловыя субсідыі па пэўных прыярытэтных накірунках.

Калі мы кажам пра сацыяльную падтрымку, то мы павінны вылучаць нейкія групы насельніцтва і працаваць напрамую з гэтымі групамі. Не з заводамі і не з працаўнікамі заводаў — а з грамадзянамі, у якіх па пэўных прычынах, жыццёвых абставінах, складваюцца нейкія праблемы: згубіў працу, захварэў, сышоў у дэкрэтны адпачынак… То бок нам трэба вылучаць мэтавае насельніцтва і з ім працаваць.

Работа з прадпрыемствамі і працаўнікамі прадпрыемстваў — гэта ў прынцыпе няправільна. І неэфектыўна.

Як уплывае сусветны крызіс на тое, што адбываецца ўнутры Беларусі? Цяпер усе чакаюць другой хвалі рэцэсіі… Ці моцна яна ўдарыць і па нашай эканоміцы?


Аляксандр Гатоўскі: Калі ўзгадаць сітуацыю ў жніўні ў Беларусі, то на яе вельмі паўплывала сітуацыя ў Расіі. Калі пачалі адбывацца пэўныя працэсы ў Амерыцы і казалі пра магчымы тэхнічны дэфолт... Пайшло падзенне сусветных цэнаў на нафту, і ўслед за гэтым — падзенне курса расійскага рубля. Гэта паслужыла дадатковым фактарам, які падштурхнуў уніз і беларускі рубель.

Таму, канешне, усе гэтыя працэсы на нас адбіваюцца не самым лепшым чынам. Амерыка — сусветныя цэны на нафту, расійскі рубель — попыт на ўнутраным расійскім рынку — і сітуацыя ў Беларусі… На жаль, як мы бачым, гэты ланцужок працуе.

Таму, так, нам будзе не тое, што няпроста — гэта будзе дадатковым фактарам, які на нас паўплывае. Але ў першую чаргу трэба навесці парадак унутры.

Мы павінны ўсё ж такі вырашыць нашы ўнутраныя пытанні, якія тычацца працы рынку, са стабілізацыяй сітуацыі ў эканоміцы, з прывядзеннем яе ў раўнаважны стан. Таму што калі гэтага не зрабіць, эканоміка становіцца вельмі слабой і адчувальнай да знешніх шокаў. І тады з-за нейкай дробязі нас сапраўды можа вельмі моцна кідаць з боку ў бок.

Якія самыя балючыя кропкі ў нашай эканоміцы?


Аляксандр Гатоўскі: І інфляцыя, і дэвальвацыя… Трэба з гэтым вызначыцца. Таму што ў той сітуацыі, якая ёсць сёння, вельмі цяжка рабіць нейкія эканамічныя падлікі. І ў гэтай сітуацыі ніхто не займаецца вытворчасцю, ніхто не займаецца эканамічнымі падлікамі. Усе проста гуляюць на валютным рынку, ганяюць туды-сюды фінансавыя плыні… І стваральная актыўнасць (вытворчасць прадукцыі, падвышэнне канкурэнтаздольнасці) вельмі моцна зніжаецца, інвестыцыйная актыўнасць — зніжаецца. Таму што немагчыма ў такой сітуацыі штосьці планаваць і рэалізоўваць нейкія сур’ёзныя праекты.

Калі будзе парадак тут, то і сусветны крызіс будзе не такім страшным?


Аляксандр Гатоўскі: Вы паглядзіце: усе казалі, што амерыканскі долар — слабая валюта. Вось-вось будзе тэхнічны дэфолт у Амерыцы і амерыканскі долар абрынецца. Але амерыканскі долар трымаецца на тым, што долар — гэта сусветная валюта. І краіны, што здабываюць нафту, працуюць з доларам. Кітай таксама працуе з доларам, таму што Амерыка для іх — адзін з асноўных знешніх рынкаў збыту.

Таму амерыканскі долар трымаецца на патэнцыяле шмат якіх іншых краінаў, апроч самой Амерыкі. У Амерыцы ўзніклі праблемы, а ў выніку — у каго адбылася дэвальвацыя? Еўра пачаў зніжацца, расійскі рубель — яшчэ ў большай ступені пачаў зніжацца… Пайшла гэтая хваля, але ў большай ступені пацярпелі найбольш слабыя валюты найбольш слабых эканомік.

То бок, чым больш слабая эканоміка сама па сабе, тым больш адбіваюцца на ёй знешнія, нават самыя нязначныя шокі. Таму, у першую чаргу, мы павінны ўмацаваць сваю эканоміку. І тады нам будзе прасцей  змагацца з усімі знешнімі шокамі.

Візіт місіі МВФ і падзенне беларускага рубля — ці ёсць тут нейкая сувязь?


Аляксандр Гатоўскі: Я сувязі не бачу. Цяпер, наколькі я ведаю, ніякіх такіх заяваў з боку МВФ не было. Увесну сапраўды адным з унёскаў у вясновую сітуацыю была заява з боку МВФ, што ёсць праблемы з беларускім рублём. Гэта сапраўды быў адзін з негатыўных фактараў, які паўплываў на сітуацыю ў Беларусі. На гэты раз такіх заяваў пакуль не было.

Ну, і на заканчэнне, ці можна зрабіць нейкія прагнозы — чаго нам усім варта цяпер чакаць? І да чаго рыхтавацца?


Аляксандр Гатоўскі: Нейкія прагнозы можна рабіць тады, калі ў эканоміцы працуюць аб’ектыўныя фактары. Калі эканоміка выходзіць з раўнаважнага стану і яе кідае з боку ў бок, які-небудзь прагноз рабіць складана. Няма ніякіх трэндаў, ніякія аб’ектыўныя фактары ў эканоміцы не працуюць. Таму на сёння ўсё залежыць ад таго, якія будуць прынятыя рашэнні па валютным рынку на ўзроўні Нацбанка і яго дзеянняў, і на ўзроўні ўрада.

Таму, у залежнасці ад таго, якая будзе прынята пазіцыя і якія будуць ажыццяўляцца меры, адпаведна, будзе рухацца рынак. Наколькі я разумею, апошні тыдзень-паўтара былі пэўнай нечаканасцю для Нацбанка. Я думаю, што бліжэйшым часам усё ж такі нейкія прынцыповыя рашэнні павінны быць прынятыя ў гэтай сітуацыі. І пра ўсе гэтыя рашэнні мы, магчыма, нават пачуем на самым высокім узроўні. І тады можна будзе абмяркоўваць нейкую будучыню. Пакуль вельмі цяжка штосьці прагназаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі