Нядбайныя бацькі штомесяц плацяць дзяржаве амаль мільён

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны заяўляюць пра стопрацэнтнае ўладкаванне на працу нядбайных бацькоў. Еўрарадыё задаецца пытаннем: ці хапае іх заробкаў, каб пракарміць дзяцей?

“Зараз 937 тысяч рублёў, гэта ў першы год знаходжання дзіцяці плацяць бацькі. Пасля першага года плацяць менш”, — распавядае галоўны лекар Гомельскага спецыялізаванага дома дзіцяці Алена Шчарбіцкая.

Паводле яе слоў, не ад усіх бацькоў грошы даходзяць да дзяцей: нехта не працуе, а нехта — у вышуку. Калі б не дапамога простых людзей, то дзеці сядзелі б, так бы мовіць, на “сухім пайку”.

Алена Шчарбіцкая: “Тое, што належыць, дзеці б атрымалі. Гэта ўсё неабходнае і дастатковае. Але дзеці хочуць і цукеркі кожны дзень, і нейкія смачныя фрукты. І памперсаў, на жаль, беларускіх няма. Таму нам вельмі дапамагаюць людзі з тымі ж памперсамі”.

Згодна са словамі намесніцы галоўнага лекара Магілёўскага спецыялізаванага дома дзіцяці Людмілы Жохі, адзін дзень знаходжання дзіцяці тут абыходзіцца дзяржаве ў… 386 тысяч рублёў! То бок адлічэння бацькоў у 937 тысяч не хопіць і на тры дні. Атрымоўваецца прыкладна 11,5 мільёнаў рублёў за месяц. Гэта без цукерак!? Пры гэтым, паводле бухгалтэрыі Дома дзіцяці, меню на дзень каштуе каля 23 тысяч рублёў.


“На сняданне: салата маркоўна-яблычная, тварожная запяканка, хлеб, сыр, гарбата з цукрам. Другое сняданне: сок, бананы, печыва. На абед: суп мясны бульбяны, галубцы са смятанным соўсам, хлеб, кампот на аснове апельсінавага соку. Падвячорак: біфідзін з печывам, мармелад, свежыя яблыкі. На вячэру: салата капусна-маркоўная, грэчневая каша, суфле мясное са смятанным соўсам, хлеб, гарбата. І на ноч атрымоўваюць кефір”, — зачытвае 6-разовае меню Людміла Жоха.

У Магілёўскім спецыялізаваным доме дзіцяці жывуць і выхоўваюцца 123 гадаванцы.

У суседняй Польшчы больш прыжыліся малыя пляцоўкі для выхавання дзяцей з праблемных сем’яў — да 30 месцаў. Таксама малыя выхоўваюцца ў так званых прафесійных сем’ях. Але і кошты тут іншыя.

“У прафесійных сем’ях на дзіця выдзяляецца 1000 злотых (каля 325 долараў. — заўв. Еўрарадыё) у месяц. Акрамя гэтага, сям’я атрымоўвае сродкі, напрыклад, на ўтрыманне дома, а таксама пенсію. Калі гаварыць пра кошты ўтрымання цэнтра, то яны значна вышэйшыя: у сярэднім 3-8 тысяч злотых (970-2600 долараў. — заўв. Еўрарадыё) за дзіця ў месяц”, — распавядае Еўрарадыё кіраўнік аддзела выхавання ў прыёмных сем’ях Гарадскога цэнтра дапамогі сям’і ў Гданьску Ева Заёнц.

Польскія нядбайныя бацькі таксама мусяць вяртаць грошы за ўтрыманне іх дзяцей. Колькі трэба плаціць, вырашаюць мясцовыя ўлады. У некаторых выпадках можна і… “дамовіцца”.

Ева Заёнц: “Вядома, што калі кошт утрымання дзіцяці — 4 тысячы злотых на месяц, а бацькі зарабляюць 2 тысячы, то яны не ў стане вярнуць. У такім выпадку мусяць супрацоўнічаць з сацыяльным супрацоўнікам альбо плаціць аліменты. Пасля яны вызваляюцца ад выплат”.

Фота: grsu.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі