Някляеву выклікалі "хуткую" з-за інцыдэнту з супрацоўнікам КДБ
Сёння павінен быў адбыцца допыт Уладзіміра Някляева. Трэці за той час, што экс-кандыдат у прэзідэнты знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Допыт, мяркуючы па ўсім, не адбудзецца. У Някляева здарыўся інцыдэнт з супрацоўнікамі КДБ, якія да яго прыстаўлены.
Два папярэдніх разы, калі Някляева везлі да следчага, "ахоўнікі" пакідалі кватэру. А гэтым разам чамусьці аднаго супрацоўніка вырашана было пакінуць у кватэры.
"Нас гэта, безумоўна, абурыла, — распавяла "Народнай Волі" жонка Уладзіміра Някляева Вольга. — Я запланавала на сёння некалькі сустрэч і цяпер змушана карэктаваць свае планы, таму што катэгарычна супраць, каб у маёй кватэры заставаліся чужыя".
Па словах Вольгі, супрацоўнікам КДБ прапанавалі дзяжурыць у дзвярэй, размясціцца на лесвічнай пляцоўцы, пакуль у кватэры нікога не будзе. Але адказу на гэту прапанову не было. Тады Ўладзімір Пракопавіч адмовіўся ехаць на допыт, перанерваваўся і ў яго падняўся ціск. Прыйшлося выклікаць "хуткую".