Пад Магілёвам фермер-дэпутат мог разараць старажытныя курганы
Цяпер тут “працуюць” чорныя капальнікі, спецыялісты да знішчанай гістарычнай каштоўнасці яшчэ не даехалі.
У сувязі з гэтым старшыня Магілёўскай абласной Рады таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка рыхтуе скаргу ў мясцовы выканкам, каб прыцягнуць неабачлівага фермера да адміністрацыйнай адказнасці.
Жыхар вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці Зміцер Яўстратаў адзін з першых заўважыў, як па былым лузе пайшла цяжкая тэхніка мясцовага фермера, кіраўніка сялянска-фермерскай гаспадаркі “Пралесак” і дэпутата Магілёўскага раённага і сельскага Савета дэпутатаў Юрыя Коршунава.
На фота фермер-дэпутат Юрый Коршунаў
У пазамінулым годзе фермер-дэпутат выкарчаваў дрэвы на лузе, прыбраў камяні і магчыма таксама разараў старажытныя курганы. Распавядае вясковец Зміцер Яўстратаў:
“Я нарадзіўся ў населеным пункце Нядашава-2 і аб тым, што ў нас былі курганы, я ведаў з самага дзяцінства. Яны невялікія: да метра вышыні, спадзістыя, даўно парослыя дзірваном. Адкуль яны там з’явіліся — я не ведаю. Не ведаюць гэтага і старажылы, якія кажуць, што яны былі ўвесь час. Калі зямлю перадалі фермерскай гаспадарцы, то фермер прыгнаў тэхніку, узняў грунт і развёз яго па ўсім выдзеленым яму зямельным надзеле”.
Адразу пасля гэтага выпадку ў вёску нахлынулі чорныя капальнікі, якія дагэтуль з мінашукальнікамі спадзяюцца знайсці старажытныя рэчы і дастаюць з зямлі не толькі манеты, але і рэшткі старажытных упрыгожанняў.
Сам Зміцер Яўстратаў адшукаў некалькі такіх манет. Магілёўскі археолаг Ігар Марзалюк датаваў іх XVI-XVII стагоддзем і сказаў, што на тэрыторыі Нядашава-2 ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі. Археолаг выказаў здагадку, што на гэтым месцы магло знаходзіцца старажытнае селішча, і пагадзіўся летам прыехаць на археалагічныя раскопкі.
Старшыня Магілёўскай абласной Рады таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка кажа, што мясцовыя ўлады як знішчалі, так і працягваць знішчаць гістарычную спадчыну горада. Гаворыць Уладзімір Краўчанка:
“У Магілёве вельмі шмат знішчаецца архітэктурных помнікаў гісторыі. Часта на могільніках будуюцца пабудовы. Дастаткова прыгадаць сітуацыю з пахаваннямі пасля паўстання магілёўцаў 1661 года рускіх стральцоў. На іх месцы стаіць аўтазапраўка “Белнафтахіма”. Тое самае адбываецца і ў ваколіцах Магілёва: знішчаюцца старыя могільнікі, узворваецца глеба, знішчаюцца курганы. Улады ніяк не рэагуюць на чорных капальнікаў, якія раскрываюць археалагічныя помнікі. Выпадак ў Нядашаўскім сельскім Савеце таму сведчанне”.
Варта дадаць, што жыхары вёскі Нядашава-2 на дадзены момант судзяцца з фермерам Юрыем Коршунавым. Яны незадаволены тым, што мясцовы сельсавет перадаў яму ў пажыццёвую арэнду зямлю агульнага карыстання без правядзення грамадскіх слуханняў. Апроч таго высветлілася, што зямля з разраду лугавой была пераведзена ў разрад ворнай заднім днём.
Пракуратура выявіла факты шматлікіх парушэнняў пры перадачы зямлі фермеру, аднак дзялянка так і застаецца ў яго карыстанні. Жыхароў не задавальняе яшчэ і тое, што, разараўшы луг, фермер Юрый Коршунаў абмежаваў доступ да вадаёма ўсёй вёсцы.
Спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма".