Пахавальню Радзівілаў у Нясвіжы можа затапіць (фота)
Будаўнікі парушылі сістэму водаадводу касцёла Божага Цела.
Яшчэ ў мінулым годзе, калі першапачаткова меркавалася адкрыццё замка, будаўнікі заасфальтавалі дарогу між касцёлам і брамай, якая вядзе да замка. Разам з дарогай заасфальтавалі і трубы, па якіх вада ад касцёла мусіла сцякаць у каналізацыю. Цяпер, нават пры невялікім дажджы, вадазборнік пад сценамі касцёла пачынае імкліва напаўняцца — і вада можа пайсці ў крыпту храма, дзе пахаваныя больш за 70 прадстаўнікоў роду Радзівілаў, пачынаючы ад Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, які памёр у 1616 годзе.
Ксёндз-пробашч нясвіжскага касцёла Пётр Шарко паведаміў Еўрарадыё, што сістэма водаадводу была зробленая ў 2006-2007 гадах на сродкі, выдзеленыя польскім Міністэрствам культуры. Гэта літаральна ўратавала пахавальню. Да правядзення гэтых прац у крыпце было надзвычай сыра, а часам на падлозе нават пачынала хлюпаць вада.
Пакуль што ад заасфальтаваных труб водаадводу сцены касцёла плеснеюць і робяцца зялёнымі. Страшна ўявіць, што можа быць неўзабаве, калі пачнуцца моцныя і працяглыя восеньскія дажджы.
Трубы водаадводу цяпер упіраюцца ў пясок і асфальт
Сцены храма пакрываюцца цвіллю
Трубы і жалабы — частка сістэмы водаадводу, якая цяпер проста змарнаваная
Гэты калодзеж збірае ваду ў час дажджу — і адсюль яна мусіць выцякаць праз трубы, якія цяпер замуравалі
У касцёле 1593 года ўжо 400 гадоў хаваюць Радзівілаў
Агулам цяпер у крыпце 71 труна
Труна Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі