Палітолаг: Лукашэнка хіба лічыць спачуваннем толькі тэлеграму на свой адрас

Беларускі кіраўнік і дзяржаўныя медыі кажуць, што заходнія краіны не выказалі спачуванне з нагоды тэракту і хочуць увесці эканамічныя санкцыі супраць беларускага народа. Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што Захаду трэба дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка: "Паглядзіце як адрэагавалі некаторыя дзяльцы, ды не некаторыя, а ўлады ЕС. Яны нават спачуванні не выказалі! Таму ім вельмі не хочацца каб у нас было спакойна, ім трэба дэстабілізаваць, разгайдаць...".

Выключаць метанакіраванага ўдару мы не можам, дадаў ён. Але заверыў што ў такой сітуацыі "і на адно калена не станем".

Адзначым, што словы аб тым, што кіраўніцтва ЕС не паспачувала пацярпелым у трагедыі, не адпавядаюць рэальнасці. Так, старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк выказаў свае спачуванні сем'ям пацярпелых і загінулых у дзень, калі здарылася трагедыя — 11 красавіка. На наступны дзень аналігічную адмысловую заяву зрабіла віцэ-старшыня Еўракамісіі Кэтрын Эштан.

Спачуванні даслалі і нацыянальныя ўрады краін Еўрасаюза, у тым ліку Польшча і Нямеччына, якіх беларускія ўлады вінавацяць у змове па справе "Плошчы". Літва прапанавала бясплатную рэабілітацыю на курортах параненым падчас тэракту.

Тым часам крытычныя матарыялы дзяржаўных СМІ спалучаюць жорсткую крытыку апазіцыі, заходніх краін і міжнародных арганізацый. Прычым пад вызначэнне "апазіцыі" відавочна трапляюць усе палітычныя апаненты цяперашніх уладаў, бо адрознення паміж партыямі і палітыкамі па іх палітычных поглядах і стаўлення да эканамічных санкцый не робіцца.

З рэпартажа БТ: "Цяжка паверыць, што прапанаваўшы 87 млн апазіцыі, ЕС і ЗША не знайшлі і цэнта на дапамогу пацярпелым. Можа таму, што народ для іх — сотня дармаедаў, што жывуць на падачкі, а ўсе астатнія — зусім і не людзі!".

У тым самым рэпартажы першага нацыянальнага тэлеканала прыводзяцца выказванні людзей з вуліцы, прычым выключна антызаходнія.

Больш за тое, карэспандэнты тэлеканала самі ж падаюць няслушны пераклад англійскага слова з заявы Савета Бяспекі ААН ("apparent" у дадзеным выпадку журналісты перакладаюць не як "відавочны", а як "меркаваны") па тэракце ў Мінску. І на гэтай падставе крытыкуюць міжнародную арганізацыю!

З рэпартажа БТ: "Дзіўна, як цынізм еўрабюракратаў прайшоў і ў сцены ААН. Савет бяспекі ААН заўважыў трагедыю толькі 13 красавіка. Тры дні яму спатрэбілася, каб сфармуляваць 5 сказаў. І нават у іх адным словам не падтрымаць, абразіць усю краіну! Вось яно — "меркаваны тэракт", "меркаваны тэрор"...".

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі тлумачыць безгрунтоўныя абвінавачанні ў бок Захаду агульным цяжкім псіхалагічным фонам пасля тэракту.

Раман Якаўлеўскі: "Агульна вядома, што спачуванні былі. Я сам бачыў, напрыклад, ад еўракамісара Штэфана Фюле. Цяжка каментаваць, чаму так кажуць, быцца ЕС не выказаў. Можа гэта звязана з агульнай нервовасцю з-за гэтай трагедыі, завышаны псіхалагічны настрой спрыяе памылкам".

А палітолаг Валер Карбалевіч выказвае меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка разлічваў на адмысловыя спачуванні, скіраваныя менавіта на яго адрас як кіраўніка краіны.

Валер Карбалевіч: "Думаю, што Лукашэнка чакаў, што Барозу ці хтосьці з кіраўніцтва ЕС прышле на яго адрас спецыяльную тэлеграму. А калі яны публічна выказалі, то з яго гледзішча гэта, відаць, спачуваннем не лічыцца".

Антызаходні трэнд быў зададзены адразу пасля 19 снежня і ніхто яго не адмяняў, дадае Валер Карбалевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі