Паплечнікі Бяляцкага сёння з'язджаюць з офісу
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла калега праваабаронцы Таццяна Равяка.
Па яе словах, праваабаронцы да сённяшняга дня спадзяваліся, што касацыйны разгляд адменіць хаця б частку прысуду Алесю Бяляцкаму. Тады паплечнікі Бяляцкага маглі б працягнуць сваю дзейнасць у офісе, які займаюць з 2000 года.
Равяка: "Лукашэнка адназначна сказаў: хай аддасць грошы — і будзе на волі. Справа не ў грошах выявілася. Аказалася, што грошы ўнеслі. Шкоду, якая была нібыта была нанесеная Бяляцкім і вызначаная судом першай катэгорыі, гэтая шкода была пагашаная... Але рашэнне не змянілася! Справа абсалютна палітычная, і ніякага эканамічнага падатковага складніка ў справе Бяляцкага не існуе".
Нагадаем, што праваабаронцу асудзілі на 4,5 года з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў. Сёння Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд, не зважаючы, што грамадскасць кампенсавала 757 мільёнаў рублёў, якія нібыта завінаваціўся дзяржаве Бяляцкі.