Павел Лёгкі: Пытанне пра мой пераход у МЗС вырашалася яшчэ з вясны
Але бліжэйшым часам ён застанецца на ранейшай пасадзе.
Пра гэта кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў у гутарцы з Еўрарадыё.
Лёгкі кажа, што ахвотна паспрабуе сябе на новым месцы працы і запэўнівае, што пераход у МЗС ніяк не звязаны з прызначэннем у гэтае ведамства Уладзіміра Макея:
Лёгкі: "Пытанне пра пераход на новую працу паўстаў сёлета ўвесну — задоўга да таго, як Уладзімір Уладзіміравіч сышоў з пасады кіраўніка Адміністрацыі і ўзначаліў знешнепалітычнае ведамства краіны. Тут, я думаю, не варта шукаць нейкіх прывязак, прамых аналогій і гэтак далей. Пра тое, што Уладзімір Уладзіміравіч стаў нашым міністрам замежных справаў, я, шчыра кажучы, даведаўся ў дзень падпісання ўказу".
Па словах Паўла Лёгкага, памяняць працу ён вырашыў пасля адпаведнай прапановы з МЗС. Нагадаем, што новым месцам яго працы называюць пасаду дарадцы-пасланніка ў амбасадзе ў Расіі.
Нагадаем, што прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі Лёгкі ўзначаліў у траўні 2003 года. На гэтай пасадзе ён змяніў Дзмітрыя Жука, які стаў гендырэктарам агенцтва БЕЛТА.
Фота — belsmi.narod.ru