Пераможцы “Дажынак” атрымаюць па 9 мільёнаў
Па падліках Еўрарадыё галоўны прыз “Дажынак” абясцэніўся больш, чым у тры разы
Арганізатары “Дажынак-2011” вырашылі не пералічваць галоўны прыз па новым курсе долара, а пакінулі такім самым, якім ён быў на працягу трох гадоў. Як і ў мінулыя гады, лепшыя камбайнёры краіны атрымаюць у падарунак аўтамабіль. Тыя ж, хто стане пераможцам у другі раз, – 9 мільёнаў рублёў. Па словах супрацоўніцы камітэта па сельскай гаспадарцы Мінскага аблвыканкама Таццяны Багатавай, сярод прызоў нават станкі.
Багатава: “За першыя месцы будзе адзін аўтамабіль і 2 грашовыя па 9 мільёнаў рублёў. У гэтым годзе ў нас будзе адна машына – Лада, “Жыгулі” нашы... Мотаблокі, дрэваапрацоўваючыя станкі, халадзільнікі, тэлевізары і камп’ютары”.
Акрамя машын, ўсе падарункі – беларускай вытворчасці. Два камбайнёры перамагаюць па другім разе – ім грошы…
Багатава: “Хто ідзе другі раз атрымліваюць прэмію, а тыя, хто ўпершыню – аўтамабіль. Два чалавекі на першым месцы ідуць па другім разе, а што тычыцца іншых месцаў – іх шмат”.
Як даведалася Еўрарадыё, за 2-я месцы узнагародзяць мотаблокамі і дрэваапрацоўваючымі станкамі. За трэцяе месца дадуць халадзільнікі і тэлевізары.
Багатава: “Вадзіцелям на адвозкі зерня будуць ноутбукі. Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый – грашовыя прэміі на сельгасарганізацыю. Галоўным аграномам – таксама грашовыя прэміі па 5 мільёнаў”.
Еўрарадыё даведалася, што робяць са сваімі падарункамі пераможцы “Дажынак”.
Камбайнёр СВК “Авангард-агра” Навагрудскага раёна Леанід Дарашкевіч атрымаў камп’ютар на “Дажынках-2008”. Але цяпер ім карыстаецца сын, бо ў самога Леаніда часу на камп’ютар няма.
Леанід Дарашкевіч: “Мне часу на яго не хапае. А сын у ім добра разбіраецца. Таму, калі мне штосьці трэба па камбайне, то мы там паглядзім. А так – не да яго”.
У камбайнёра СВК “Азёры” Гродзенскай вобласці Віктара Рапецкага дома ўжо стаяць два камп’ютары. А падораныя “Жыгулі” ён адразу прадаў і набыў “Нісан”.
Нагадаю, узнагароджанне пераможцаў “Дажынак-2011” адбудзецца заўтра 30 верасня.