Першы заробак Севярынца на "хіміі" склаў амаль 400 тысяч
Прычым, гэта аплата працы ў няпоўныя два тыдні жніўня.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец, асуджаны да трох гадоў абмежавання волі, атрымаў першы заробак на "хіміі". Нагадаем, ён працуе падсобным рабочым на складзе фермерскай гаспадарцы "Бардо" ў Пружанскім раёне.
Еўрарадыё пацікавілася, ці атрымліваў Павел ужо заробак.
Севярынец: “Першы заробак у мяне ўжо быў. За другую палову жніўня, з 18 жніўня і да канца, я атрымаў 384 тысячы”.
Паводле слоў Севярынца, ён працуе 8 гадзінаў на дзень, 5 дзён на тыдні.
Адзначым, што значна менш палітвязні атрымліваюць за працу ў калоніях. Нядаўна вызвалены Аляксандр Класкоўскі зарабляў ад 5 да 7 тысяч рублёў у месяц. А экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус пляце гамакі, і кожны з іх каштуе толькі 1300 рублёў.
Фота — svaboda.org