Піт Паўлаў: Народная песня "Кузнічка" — на 100% "энэрэмаўскі" прадукт!
Паводле слоў лідара гурта, з польскай народнай песні зрабілі "нацыянальны рок-прадукт".
Нечакана апынулася, што аўтарства песні “Кузнічка” належыць польскім горцам. Але лідар гурта Піт Паўлаў упэўнівае Еўрарадыё: прадстаўлены на адборачны конкурс "Еўрабачання" варыянт песні “Кузнічка” — арыгінальны энэрэмаўскі.
Піт Паўлаў: “Песня нікому не належыць — яна народная цалкам. А тая версія, якую выконваем мы, гэта зусім іншая песня — наша, песня "энэрэмаўская". Як і заўсёды — "энэрэмаўскія" песні належаць N.R.M. Як "энэрэмаўская" “Мела мамка тры сыночкі” ці “Добры вечар, дзяўчыначка” — гэта "энэрэмаўская" песня на 100 адсоткаў! Апрацоўкі народных песень звычайна належаць таму, хто іх апрацаваў і зрабіў вядомымі”.
Гадоў 5 таму, падчас паездкі N.R.M. у Бескіды, пад польска-славацкую мяжу, нашы рокеры выканалі "Кузнічку" разам з гуральскай капэлай "Торка". З таго часу, паводле слоў Піта, песню яны не чулі, для новага альбома аднаўлялі па памяці.
Піт Паўлаў: “І змены ў песні выкліканыя тым, што мы рабілі па памяці. Тэкст перакладаў я. Там некаторыя рэчы — дакладны пераклад, падрадковы, а некаторыя — цалкам арыгінальныя”.
Так, скандалу не будзе. Як даведалася Еўрарадыё, такая песня мае права ўдзельнічаць у “Еўрабачанні”. "Народнасць" ніякім умовам конкурса не супярэчыць. "Меладычнасць песні робіць яе галоўным прэтэндэнтам на перамогу ў конкурсе", — у гэтым упэўнены Піт.
Кіраўнік прэс-службы “Белдзяржтэлерадыёкампаніі” Святлана Смалоўская-Красоўская агучвае Еўрарадыё галоўнае патрабаванне да песні.
Святлана Смалоўская-Красоўская: “Можа ўдзельнічаць песня, музыка і (альбо) тэкст якой не быў камерцыйна рэалізаваны. Маецца на ўвазе — песня не была распаўсюджаная праз інтэрнэт, нейкія носьбіты — аўдыёкасеты, кампакт-дыскі, міні-дыскі, не была ў продажы, перададзеная ў радыё і тэлеэфір. А таксама не выконвалася публічна да 1 верасня 2012 года”.
А што ж з “народнымі каранямі” “Кузнічкі”? Кіраўнік праекта па адборы песні на "Еўрабачанне" Вольга Шлягер на пытанне Еўрарадыё адказвае каротка: “Ну, N.R.M. жа ўдзельнічалі ў першым туры адбора!”. Праўда, ці пройдуць у тур наступны, журы яшчэ не вырашала.
“Калі гэта народная песня, але ў арыгінальнай аранжыроўцы і вось у такім выглядзе выкананая ўпершыню — усё, ніякіх у гэтым сэнсе забарон альбо перашкод няма”, — гаворыць сябра журы Уладзімір Максімкоў.
Па словах лідара N.R.M., ён ад пачатку хацеў далучыць “Торку” і разам паехаць на конкурс. Але не здолеў іх знайсці. І ўпэўнены, што тыя не супраць, калі “Кузнічку” пачуюць на "Еўрабачанні".
Фота: Еўрарадыё, bnp.by