Расійскія фанаты ў Варшаве далучыліся да акцыі беларускай апазіцыі (фота)
А карэспандэнт Еўрарадыё пашпацыраваў па небяспечным горадзе ў дзень, калі расіяне вылецелі з чэмпіянату.
Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыў праверыць, ці сапраўды Варшава — самае небяспечнае месца падчас Еўра-2012, як пра гэта пішуць СМІ.
Выходжу ў цэнтры. Ніякіх боек ці пагромаў няма. Адразу прыгадваю звесткі на форумах, дзе пісалі, што “галоўных футбольных хуліганаў” абавязалі 16 чэрвеня ў 19:30 прыйсці ў паліцыю і адзначыцца. Астатнія ж паехалі падтрымаць Польшчу ў Вроцлаў.
Нечакана на адной з цэнтральных вуліц Варшавы Новы свят трапляю на “беларускі пікет”: дэмакратычныя актывісты пратэстуюць супраць тэрору ў Беларусі.
Расіяне, якія праходзяць міма, з цікаўнасці фатаграфуюць бел-чырвона-белыя сцягі. Але раптам нехта з заўзятараў пачынае абражаць дэманстрантаў.
Іду далей. Ля гатэлю “Брысталь” сабраўся натоўп жадаючых пабачыць ад’езд расійскіх футбалістаў да стадыёна. Побач — мужчына з абвесткай “Прадам 2 лішнія квіткі”. Пытаюся, на колькі “накручаная” цана. Нечакана чую ў адказ, што квіткі прадаюцца па намінальным кошце — 30 еўра.
Тым часам футбалісты сядаюць у аўтобус са спазненнем на 40 хвілін!
Пасля вітання з гульцамі фанаты павольна накіроўваюцца да моста, які вядзе да стадыёна. Іду разам з усімі. Большасць фанатаў побач са мной — палякі і расіяне.
Усё спакойна. Відаць, што варшаўская паліцыя зрабіла высновы пасля пабоішча 12 чэрвеня. На кожным рагу стаяць мабільныя групы па 5-6 паліцэйскіх, якія пільна сочаць за парадкам.
Сустракаю фаната з Беларусі. Руслан у Польшчы з пачатку Еўра. Большасць матчаў глядзеў у варшаўскай фан-зоне. Перажывае за Расію, бо ўсё ж такі суседзі, і за Германію, бо там сябры. Руслан кажа, што ў Варшаве яму ўсё падабаецца. Негатыўныя эмоцыі выклікалі толькі падзеі ў дзень матчу паміж Польшчай і Расіяй.
Руслан: “Атмасфера выдатная, фанаты паводзяць сябе дружалюбна. Фан-зона зроблена нядрэнна, праўда, паліцыя часам ганяе за распіцце алкаголю. Але калі гуляе Польшча, усё ў парадку. Канфліктаў няма, з паліцыянтамі можна сфатаграфавацца і крыху з іх папрыкалвацца”.
Чым бліжэй да стадыёна, тым больш жадаючых прадаць квіткі. І кошты таксама меншыя. Напрыклад, квіток першай катэгорыі, які першапачаткова каштаваў 120 еўра, прадаюць за 60.
Нягледзячы на вялікі натоўп, даволі хутка трапляем на стадыён. У чашы ніводнага паліцыянта і прадаюць піва.
Падзеі на полі не асабліва ўражваюць: зборную Расіі пасля матчу з чэхамі не пазнаць.
Пытаюся ў маладой пары з Масквы, якая прыехала на Еўра разам з двухгадовым сынам, як ім у Варшаве.
Аляксей і Венера: “У Польшчы падабаецца, а ў Варшаве не вельмі. А больш за ўсё спадабалася ў Вроцлаве. І народ гасцінны, прасцей, і да рускіх добра ставяцца. А ў Варшаве адчуваюцца напружаныя адносіны людзей да рускіх. А так уражанні добрыя — гэта ж свята”.
Побач са мной стаіць англічанін з Бірмінгема, які звычайна заўзее за “Астан Вілу”, а сёння падтрымлівае грэкаў.
Англічанін: “Гэта мой першы матч на Еўра. Я вельмі задаволены. У Польшчы мне вельмі падабаецца. Спецыфічная атмасфера, нават фантастычная. Я б з радасцю паехаў падтрымаць Англію ва Украіне. Але ў мяне чацвёра дзяцей, а квіткі каштуюць даволі дорага”.
Бліжэй да канца матча рускія фанаты запальваюць фаер і кідаюць петарду ў бок поля. Яны незадаволеныя вынікам гульні.
Бачна, як англічанін з Бірмінгема радуецца перамозе грэкаў.
А масквічы Аляксей і Венера, якія набылі квіткі да фінала, разлічваючы там пабачыць сваю каманду, пакідаюць стадыён расчараваныя.
Фота: interpolit.net