Расія можа перашкодзіць чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі
Яго могуць адмяніць з-за нізкай цікавасці гледачоў пасля зімовай Алімпіяды ў Сочы. Гульні ў Сочы адбудуцца за тры месяцы да мінскага чэмпіянату.
Пра гэта піша расійская газета "Известия". Расійскія журналісты мяркуюць, што Алімпіяда ў Сочы можа стаць прычынай поўнага перагляду канцэпцыі чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў Мінску. Магчымы і такі варыянт, што Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) цалкам адменіць сусветнае першынства.
У кіраўніцтве расійскай хакейнай федэрацыі кажуць, што гэтае пытанне абмяркоўвалася на кангрэсе IIHF. Шматлікія краіны прапануюць адмяніць спаборніцтва або замяніць чэмпіянат на турнір з еўрапейскай канцэпцыяй, бо ЗША і Канада наўрад ці дашлюць каманды.
У самой Беларусі спадзяюцца, што да адмены сусветнага першынства не дойдзе, і асцерагаюцца толькі байкоту з боку некаторых краін. У прыватнасці, з прапановай байкоту выказаўся Еўрапарламент.
Фота — sunhome.ru