За першы дзень прадалі 309 абанементаў на хакейны чэмпіянат свету ў Мінску
А квіткі на гульні зборнай Беларусі рэалізуюцца ў тры разы лепш, чым на іншыя.
“Прадаюцца як Event ticket, так і Belarus +. Беларускія прадаюцца лепш прыкладна ў тры разы”, — гаворыць кіраўнік кампаніі Ticketpro Кірыл Сушчынскі.
Па яго словах, квіткі пакуль набываюць збольшага беларусы, але ёсць замовы і з-за межаў краіны. “Вось толькі што са Швейцарыі званілі, не маглі разабрацца, як набыць квіток”, — расказвае Сушчынскі.
У Федэрацыі хакея Беларусі Еўрарадыё паведамілі, што на 12 гадзін 1 кастрычніка прададзена ўжо 309 абанементаў на ўсе гульні абедвюх арэн — так званых Event ticket.
“Гэта ажыятаж, мы чакалі, што прададзім менш квіткоў у першы дзень продажаў. Звычайна заўзятары набываюць квіткі на гульні сваёй зборнай, а не на ўсе адразу. А наш сайт толькі за апошнія суткі зайшло больш за 16 тысяч чалавек”, — расказвае Антон Кузміч з Федэрацыі.
І дадае, што найбольшую цікавасць да квіткоў на мінскі чэмпіянат праяўляюць заўзятары з Беларусі, Расіі, Нямеччыны і Фінляндыі. У прыватнасці, з Федэрацыяй ужо звязалася нямецкая фірма, якая хоча цалкам забяспечыць квіткамі заўзятараў зборнай Нямеччыны.
Нагадаем, што продаж квіткоў на чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, які пройдзе ў траўні 2014 года, пачаўся 30 верасня. Кошты на абанементы вагаюцца ад 300 да 2000 еўра.