Як выбарчыя камісіі правяраюць сапраўднасць подпісаў

120828 Sverdlov Podpisy.mp3

Акруговая камісія не залічвае 62 подпісы з 1076, сабраных за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты сябра “Аб’яднанай грамадзянскай партыі” Рыгора Грыка. Чальцы камісіі сцвярджаюць, што дату і подпіс на аркушах ставілі розныя людзі.

“У выбарчым заканадаўстве прапісана, што, калі працэдура парушаная і выбаршчык ставіць подпіс, а графу, дзе ставіцца дата, запаўняе нехта іншы, подпіс лічыцца несапраўдным, — каментуе сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. — Таму я лічу, што на момант, калі акруговая камісія прымала рашэнне, у яе былі ўсе падставы адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты”.

Пасля адмовы ў рэгістрацыі Рыгор Грык атрымлівае спіс тых, чые подпісы акруговая камісія лічыць несапраўднымі. Паводле слоў старшыні камісіі Тамары Шукала, графалагічную экспертызу па подпісах не праводзілі. А тое, што яны несапраўдныя, выявілі падчас апытання выбаршчыкаў.

Рыгор Грык: “Два дні я хадзіў па дамах і сабраў 28 заяваў, і дату, і подпіс людзі ставілі на аркушах за маё вылучэнне самі. А пасля таго, як я адправіў іх Лідзіі Ярмошынай, хадзіў яшчэ палову дня і сабраў яшчэ 7 заяваў. Гэта каб пазней адправіць іх у Вярхоўны суд”.

27 жніўня ў абед Рыгор Грык паведамляе пра гэтыя заявы ў акруговай камісіі. Менш чым за суткі яе сябры абыходзяць амаль усіх, каго паспеў наведаць прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты, і… ізноў збіраюць з іх заявы, што іх подпісы — несапраўдныя!

Еўрарадыё распытвае выбаршчыкаў з Баранавічаў, да якіх увесь апошні тыдзень па чарзе ходзяць сябры акруговай камісіі і Рыгор Грык. Як так атрымалася, што спярша яны распісаліся за вылучэнне кандыдата, пасля — за тое, што подпіс несапраўдны, пасля — ізноў за кандыдата, і яшчэ раз — за несапраўдны подпіс?

“Грык прыходзіў, і я падпісалася за яго. А праз нейкі час прыходзяць з акруговай камісіі. Ну, я ім кажу: “Я ўсё сама ставіла, і дату, і подпіс мой”. І яны далі мне паперу падпісаць, што гэта мой подпіс. Змест гэтай паперы я дасканала не памятаю. Але распісалася, — распавядае пра візіт праверкі з акруговай камісіі пенсіянерка Лілія Сідорка. — А сёння раніцай ізноў прыходзяць, і ізноў кажуць — подпіс праверыць. Ну, я ўжо не ведаю, што там з гэтым подпісам. Ну, смешна ж!”

Як паперы, якія падпісвала Лілія Іосіфаўна, ператварыліся ў яе сведчанне пра тое, што не яна сваёй рукой, а Рыгор Грык паставіў у падпісным аркушы дату да яе подпісу — пытанне да сябраў акруговай камісіі. Вось яшчэ адзін прыклад, распавядае жыхарка Баранавічаў Ларыса Навікевіч:

“Прыйшлі дзве нейкія жанчыны. Яны паказалі пасведчанні, але я не брала іх чытаць, навошта мне гэта трэба. Яны прыйшлі праверыць мой подпіс. Кажуць: “Мы звяраем, ці вы распісаліся асабіста”. Я кажу: “Так, я сама, асабіста распісвалася”. Яны запісалі гэта ў паперу, прачыталі мне, а пасля далі падпісаць. Ну, я і распісалася…”

У словах сябраў акруговай камісіі — ізноў ні слова пра дату! Усяго падчас другога абыхода выбаршчыкаў яны збіраюць 18 заяваў. Да апошніх “падпісантаў” заходзяць раніцай 28 жніўня. На 11:00 у гэты дзень запланаванае пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якім Грык абскарджвае адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

“То бок, ёсць 18 чалавек, якія спачатку сказалі, што не ставілі дату побач са сваім подпісам, пасля сказалі Грыку, што ставілі дату самі, а пасля ізноў сказалі, што не ставілі дату? Відавочна, што падобныя апытанні не даказваюць факты парушэння працэдуры, — мяркуе сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Сяргей Калякін. — Людзі даюць адказы ў адпаведнасці з абставінамі. А абставіны бываюць рознымі! Калі да людзей прыходзяць прадстаўнікі ўладаў і пачынаюць адпаведным чынам задаваць пытанні, людзі адпаведна сябе паводзяць… Пакуль не праведзеная графалагічная экспертыза — акруговая камісія не даказала, што подпісы не сапраўдныя”.

Сяргей Калякін (у цэнтры)

Але сябрам ЦВК доказаў, якія прадставіла акруговая камісія, дастаткова. 28 жніўня яны адмаўляюць Рыгору Грыку ў задавальненні скаргі аднагалосна.

Ніводны з тых, каго праверыла акруговая камісія, не адмаўляецца ад подпісу, пакінутага за вылучэнне Рыгора Грыка. Гэта значыць, яго па-ранейшаму падтрымлівае больш за тысячу чалавек. Але чальцы акруговай камісіі і Цэнтравыбаркама не бачаць розніцы паміж літарай і духам закона. І ўсё ж здымаюць Грыка з выбарчай кампаніі.

Балатавацца ў Палату прадстаўнікоў па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе №6 застаюцца два кандыдаты ў дэпутаты. Гэта індывідуальны прадпрымальнік, сябра ЛДП Мікалай Арцямчук і Аляксандр Сцяцко, галоўны ўрач Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі