Разам з Лукашэнкам “Паўлінку” паглядзяць Мясніковіч, Ладуцька і Давыдзька
А вось ініцыятар рэканструкцыі будынка Купалаўскага тэатра Павел Латушка на ўрачыстае адкрыццё з Парыжу не прыляціць.
Першы спектакль у адбудаваным тэатры пройдзе ўжо 29 сакавіка. Аднак набыць квіткі на яго было немагчыма – паказ будзе закрытым. З прамовай перад спектаклем выступіць кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.
Як даведалася Еўрарадыё, у спісе запрошаных на VIP-паказ асобаў ёсць прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, міністр культуры Барыс Святлоў.
Акрамя палітычных дзеячаў запрошанае кіраўніцтва будаўнічых арганізацый, якія рэканструявалі тэатр, кіраўнікі трох дзяржаўных тэлеканалаў і рэдактар газеты “Беларусь Сегодня”, вядучыя акторы і рэжысёры буйнейшых тэатраў, дзеячы мастацтва. Сярод іх Барыс Луцэнка, Ганна Маланкіна, Бэлла Масумян, Аляксандр Гарцуеў, Міхаіл Фінберг, Уладзімір Карызна, Рычард Смольскі, Святлана Стацэнка, Уладзімір Пракапцоў і іншыя.
Нагадаем, што рэканструкцыя Купалаўскага тэатра працягвалася больш за два гады. Згодна з задумай аўтараў праекта, будынак наблізіўся да свайго першапачатковага выгляду. Пасля рэканструкцыі ў Купалаўскім стала на 100 месцаў менш.
Звычайныя мінчукі змогуць наведаць тэатр ужо 4 красавіка. У гэты дзень там ізноў пакажуць “Паўлінку”. Кошты на квіткі — ад 20 да 200 тысяч рублёў.
Дарэчы, Лукашэнка сам хацеў паглядзець "Паўлінку". Яшчэ летась, ён сказаў новаму міністру культуры: з задавальненнем прыйду на "Паўлінку".
Паводле паведамленняў прэс-службы кіраўніка Беларусі, у тэатры ён быў 10,5 года таму. Дарэчы, тады Лукашэнка таксама наведваў Купалаўскі тэатр, але глядзеў спектакль "Князь Вітаўт" паводле п'есы Аляксея Дударава. Выканаўца галоўнай ролі Генадзь Давыдзька пасля гэтага зрабіў значную палітычную кар'еру і цяпер узначальвае Белтэлерадыёкампанію.