Сацыял-дэмакраты падаюць у суд на начальніка інтэрнатаў за абразу

130418_hramada.mp3

Інцыдэнт адбыўся ў канцы сакавіка, калі падчас размовы карэспандэнта БелаПАН з начальнікам жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства Паўлам Шышовым, апошні абазваў сацыял-дэмакратаў “бандай”. Аўдыёзапіс размовы выкладзены на сайце інфармацыйнага агенцтва.

Такім чынам Павел Шышоў пракаментаваў карэспандэнту БелаПАН канфліктную сітуацыю, якая ўзнікла паміж ім і магілёўскім актывістам БСДП Мікалаем Залозным. Канфлікт узнік з-за таго, што падчас парламенцкай выбарчай кампаніі Шышоў не пускаў сацыял-дэмакратаў у падуладныя яму інтэрнаты. Дарэчы, пасля выбарчай кампаніі і канфлікту з начальнікам жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства сябар БСДП Мікалай Залозны быў звольнены з працы.

Старшыня БСДП Ірына Вештард кажа, што абраза мела месца праз розныя ідэалагічныя погляды і актыўную дзейнасць партыі ў рэгіёне, якая была недаспадобы Паўлу Шышову.

“Калі чалавек не кантралюе свае паводзіны, а яшчэ не дужа выхаваны, то часам дапускае сабе выказванні, якія параўнальныя з абразамі. Над гэтым, вядома, варта працаваць. Вельмі цяжка даваць парады таму, хто не кантралюе свае паводзіны і не думае пра тое, як ён будзе выглядаць на людзях”.


Над падрыхтоўкай скаргі працаваў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель:

“У першую чаргу “Грамада” праз суд можа дабіцца абароны дзелавой рэпутацыі, а таксама паставіць на месца чыноўнікаў, якія распускаюць языкі”.


Праваабаронца кажа, што БСДП у судзе будзе патрабаваць абвяржэння папярэдняга выказвання на сайце БелаПАН і прынясення публічных прабачэнняў з нагоды выказвання, якія наносяць шкоду іміджу партыі, працягвае Барыс Бухель:

“Я лічу, што гэтую справу рэальна выйграць на 100%, бо ёсць канкрэтны аўдыёзапіс. “Грамадзе” даказваць нічога не трэба. Даказваць у судзе мусіць адказчык Павел Шышоў”.


Праваабаронца кажа, што Павел Шышоў наўмысна выкарыстаў тэрмін “банда” ў дачыненні да партыі і яе сяброў, бо будучы адстаўным палкоўнікам міліцыі ён не мог не ведаць юрыдычнае значэнне гэтага тэрміна. Барыс Бухель адзначае, што акрамя іску ў суд ад імя партыі, актывіст Мікалай Залозны таксама збіраецца падаць у суд на Паўла Шышова, каб абараніць свой гонар. Апроч таго, актывіст рыхтуе заяву ў міліцыю з нагоды паклёпу ў свой адрас.

Дарэчы, у адпаведнасці з артыкулам 286 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь бандай з’яўляецца ўзброеная арганізаваная група, створаная з мэтай нападзення на прадпрыемства, установу, арганізацыі альбо грамадзян. Стварэнне банды, яе кіраўніцтва альбо ўдзел у нападзеннях караецца пазбаўленнем волі тэрмінам ад 5 да 15 год з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі маёмасці.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі