Сайт ФК "Ліверпуль" размясціў памятку пра знаходжанне фанатаў у Беларусі
Брытанцам не раяць піць ваду з-пад крана, пакідаць каштоўнасці ў цягніках і... фатаграфаваць міліцыянтаў.
"Пры падарожжы цягніком, трымайце пры сабе мабільныя тэлефоны, грошы, пашпарты і іншыя каштоўнасці, — пазначана ў паведамленні. — У Беларусі невялікая злачыннасць, але перыядычна здараюцца выпадкі крадзяжу, асабліва ў цягніках, якія рушаць у Варшаву ці Маскву. Не фатаграфуйце ўрадавыя будынкі, вайсковыя аб'екты і супрацоўнікаў міліцыі. Не піце ваду з-пад крана, а толькі бутэляваную. Не спрабуйце пранесці алкагольныя напоі на стадыён. Ведайце, што ў Беларусі нямногія размаўляюць па-ангельску".
"У Гомелі заўзятары "Ліверпуля" будуць размешчаныя на 6-м сектары стадыёна", — таксама пазначана на афіцыйным сайце "Ліверпуля". Дырэктар ФК "Гомель" Яўген Пабалавец паведаміў у сваім твітары, што фаны "Ліверпуля" з СНД выкупілі 275 квіткоў, а "з Англіі пакуль застаецца заяўка на 200 квіткоў".
Нагадаем, што матч 3-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы паміж "Гомелем" і "Ліверпулем" пачнецца 2 жніўня ў 21:00.
Паводле: Гомельская Праўда