Штраф за беспарадкі — 250 долараў, кампенсацыя паліцэйскаму — 15 долараў
У Варшаве судзяць затрыманых за бойку падчас Дня незалежнасці. Сярод іх аказаўся і футбаліст польскага чэмпіянату.
“11 лістапада ў паліцыю было дастаўлена каля 170 чалавек. 21 асоба атрымала абвінавачанне, якое датычыцца між іншым удзела ў нелегальным сходзе, удзельнікі якога дапусцілі напад на жыццё і маёмасць”, — такія вынікі Маршу незалежнасці, што адбыўся ў Варшаве 11 лістапада, згодна са словамі прэс-сакратара галоўнага офіса варшаўскай паліцыі Марыюша Мрозка.
Частка ўдзельнікаў маршу была часова затрыманая, а частка пасля выстаўлення абвінавачванняў адпушчаная дадому.
Так, учора суд Цэнтральнага раёна Варшавы пастанавіў арыштаваць на тры месяцы траіх мужчынаў ад 26 да 29 гадоў, якія падазраюцца ў нападзе на паліцыю. Яшчэ дваіх адпусцілі дадому (адзін з іх заплаціў штраф у памеры 8 тысяч злотых — амаль 2500 долараў), дзе цяпер чакаюць рашэння суда. Ім пагражае да 10 гадоў зняволення. Яшчэ адзін удзельнік маршу заплаціць 250 долараў штрафу і каля 15 долараў кампенсацыі паліцэйскаму.
Тым часам паліцыя шукае астатніх зачыншчыкаў беспарадкаў. Праз інтэрнет.
“Ад учора публікуем выявы мужчынаў, якія падазраюцца ва ўдзеле ў нелегальным сходзе. Выявы можна паглядзець на сайце сталічнай паліцыі. Правяраем інфармацыю, якая да нас прыходзіць, з мэтай вызначэння асобаў людзей, якіх мы шукаем”, — працягвае Марыюш Мрозэк.
Цікава, што сярод затрыманых 11 лістапада апынуўся… футбаліст клуба “Ізалятар” з Багухвалы, што гуляе ў трэцяй польскай лізе.
У сваю чаргу польскія палітыкі пачалі вострую спрэчку, даючы свае ацэнкі маршу. У эфіры TVN Стэфан Несёлоўскі з “Грамадзянскай платформы” назваў марш “псеўдаправым, дэмагогіяй і папулізмам”.
Стэфан Несёлоўскі: “Польшча незалежная, дэмакратычная і вольная. А марш быў супраць дэмакратыі. І ўдзел у маршы бралі як раз палітыкі, якія выступаюць супраць дэмакратыі, а значыць і супраць свабоды”.
З прадстаўніком партыі прэм’ера Дональда Туска не пагадзіўся адзін з арганізатараў маршу Артур Завіша.
Артур Завіша: “Спадар Несёлоўскі ўжо ўсё сказаў, нават не ведаю, што дадаць. “Праўда” была загадзя аб’яўлена і ўказана тэлеканалам. Але я маю іншае меркаванне”.
Дарэчы, Артур Завіша лічыць, што ў беспарадках вінавата паліцыя, якая зладзіла правакацыі. Сама ж польская паліцыя з’яўленне на варшаўскіх вуліцах замаскаваных мужчынаў, некаторыя з якіх мелі пад курткамі майкі з надпісам “Паліцыя”, ніяк не каментуе.
Фота: wpolityce.pl, sport.fakt.pl, niezalezna.pl