Шведскіх мядзведзікаў дашлюць беларускім чыноўнікам з “чорнага спіса” ЕС

Праваабарончая арганізацыя Östgruppen збірае па ўсёй Швецыі плюшавых мядзведзікаў, каб іх “легальна” адправіць у Беларусь. Цацкі здаюць людзі, якія неабыякава ставяцца да сітуацыі ў нашай краіне. У адрозненне ад “плюшавага дэсанта”, гэтым разам мядзведзікаў адправяць поштай. А атрымаюць іх беларускія чыноўнікі з “чорнага спісу” ЕС.

Старшыня Östgruppen Марцін Угла спадзяецца, што ў такім выпадку беларускія ўлады не змогуць прычапіцца да “незаконнага перасячэння мяжы”.

Марцін Угла: Не памятаю дакладна, у “чорным спісе” ЕС, здаецца, 240 чалавек. Праўда, некаторыя з іх ужо не займаюць сваіх ранейшых пасадаў, таму складана было знайсці адрасы ўсіх. Але я думаю, што адправім каля 200 мядзведзікаў. Яшчэ гэта будзе залежаць ад таго, колькі людзей прынясуць сваіх мядзведзікаў”.


Цацкі атрымаюць нават тыя чыноўнікі, якія ўжо не займаюць сваіх ранейшых пасад, але з нейкіх прычынаў трапілі ў “чорны спіс”. 

Марцін Угла: “Перадусім шукалі адрасы праз інтэрнет. Мы, зразумела, будзем адсылаць на працоўныя адрасы”.

Еўрарадыё: То бок гэта можа быць Адміністрацыя прэзідэнта альбо міністэрствы?

Марцін Угла: “Так. І хто працуе ў рэгіёне, ужо знайшлі адпаведны адрас, напрыклад у Віцебску ці Брэсце. Мы стараліся як мага падрабязней знайсці адрасы, каб не было лішніх складанасцяў у “Белпошты”.

 

Еўрарадыё звярнулася да Томаса Мазэці — пілота самалёта з “плюшавым дэсантам”. Пра акцыю ён чуў. Але, згодна са словамі шведа, супрацоўніцтва Total Studio ніхто не прапаноўваў.

Томас Мазэці: “Я думаю, што яны робяць добрую справу ва ўсіх сэнсах. Давайце паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але ў прынцыпе шмат людзей робяць нейкія акцыі ў падтрымку Беларусі”.

 

Ці будзе Total Studio неяк працягваць акцыі з мішкамі і змагацца за дэмакратыю ў Беларусі? Гэтае пытанне Томас Мазэці не каментуе. Кажа, што прадстаўнікі агенцтва ўвогуле пазбягаюць кантактаў з кім-небудзь з Беларусі. З той жа прычыны швед не можа да канца распавесці, чым Total Studio займаецца цяпер. Але і так вядома, што агенцтва “па прыколе” паўдзельнічала ў амерыканскіх выбарах, стварыўшы за дзень да галасавання “Шведскую партыю”.

“Гэта быў толькі жарт. Але думаю, што добры. Таму што краіны змаглі пабачыць адзін аднаго з боку і чамусьці навучыцца. Маю на ўвазе, што ёсць нешта добрае ў Швецыі, таксама ёсць нешта добрае і ў Амерыцы. Я думаю, што часам добра крыху пасмяяцца з ЗША, бо яны лічаць сябе найлепшымі ў свеце”, — тлумачыць ідэю Томас Мазэці. І вяртаецца да “плюшавага дэсанта”, гаворачы, што гэта была галоўная акцыя года ў сэнсе затрачанага на яе часу. А вось грошай на ёй не зарабілі.

Цікава ўзгадаць, што, згодна з дадзенымі незалежнага сацыялагічнага цэнтра НІСЭПД, амаль 32% беларусаў скандальны “плюшавы дэсант” назвалі “дурным учынкам”. А яшчэ столькі ж увогуле нічога пра яго не чулі.

Фота: bnp.by

--> --> -->

--> --> -->

--> --> -->

--> --> -->

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі