Старшыня Еўрапарламента заклікаў беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага
Зварот Ежы Бузэка быў апублікаваны ў лічаныя гадзіны пасля затрымання беларускага праваабаронцы.
У ім кіраўнік еўрапескага парламента выказвае здзіўленне з прычыны новага вітка ціску на праваабарончы цэнтр “Вясна” і асабіста на кіраўніка цэнтра Алеся Бяляцкага. Ежы Бузэк заклікаў беларускія ўлады вызваліць праваабаронцу, а разам з ім і іншых палітычных вязняў, паведамляе Польскае прэсавае агенцтва.
Нагадаем, што Алеся Бяляцкага затрымалі ўчора вечарам. Правёўшы ператрусы ў офісе “Вясны”, у кватэры Бяляцкага і ў яго на дачы, міліцыянты забралі праваабаронцу ў пастарунак. Мяркуецца, што яго абвінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. За гэта Бяляцкаму можа пагражаць да сямі гадоў турмы.