Статут ВКЛ, які прадаюць на аўкцыёне, вывез ліквідатар уніяцтва ў Беларусі
Еўрарадыё прасачыла за гісторыяй нацыянальнай каштоўнасці, якая неўзабаве можа вярнуцца ў Магілёў (фота).
“У XIX стагоддзі, хутчэй за ўсё, быў вывезены статут. Хутчэй за ўсё, з тэрыторыі Магілёўскай альбо Віцебскай вобласці. Гэта паводле запісаў былых уладальнікаў Cтатута. Яны размешчаныя на старонках”, – расказвае нам студэнт-гісторык Андрэй Радкоў.
Гэта ён першым заўважыў, што маскоўскі бізнэсовец выклаў у адкрыты продаж Статут ВКЛ 1588 года. Андрэй заўважыў рарытэт на букіністычным інтэрнэт-аукцыёне і адразу звязаўся з дырэктарам магілёўскага музея Аляксеем Бацюковым.
Цікава, што кнігу з Беларусі вывез асабіста архіепіскап разанскі, магілёўскі і віцебскі Гаўрыіл Гарадкоў. Ён вядомы таксама тым, што спрычыніўся да ліквідацыі ўніяцтва ў Беларусі. З Беларусі архіепіскап вывез звод законаў да сябе ў Разань. Там кніга захоўвалася ў мясцовай семінарыі. Далейшы шлях Статута прасачыць складана.
“Хутчэй за ўсё, гэтая Разанская семінарыя была скасаваная за савецкім часам, ці нават яшчэ за рэвалюцыйным. І маёмасць магла ці распрадавацца, ці перадавацца”, – мяркуе Андрэй Радкоў.
У цяперашняга ўладальніка Статут ВКЛ захоўваецца ўжо 10 гадоў. Андрэй Радкоў і дырэктар магілёўскага музея Аляксей Бацюкоў сустрэліся з ім у Маскве. Эксперт, запрошаны ўласнікам кнігі, запэўніў, што Статут сапраўдны.
“Ацэнка робіцца па розных параметрах, –працягвае Андрэй. – Па-першае, тая папера, на якой друкавалі старажытныя кніжкі, яна не такая, як сучасная. Тэхналогіі адрозніваюцца”.
Аўтограф Гаўрыіла на старонцы Статута.
Акрамя паперы, яшчэ ацэньваюць шрыфты – яны таксама ўнікальныя. Убачыць арыгінал Статута ВКЛ узору 1588 года можна будзе ўжо неўзабаве. Неабходныя 50 тысяч долараў ужо сабраныя дзякуючы ахвяраванням і спонсарам. Цяпер кіраўніцтва магілёўскага музея вядзе канчатковыя перамовы з уладальнікам кнігі.
26 жніўня 1831 году Гаўрыіл Гарадкоў быў прызначаны біскупам Магілёўскім і Віцебскім для падрыхтоўкі ўз'яднання праваслаўных і уніятаў.
“У XIX стагоддзі, хутчэй за ўсё, быў вывезены статут. Хутчэй за ўсё, з тэрыторыі Магілёўскай альбо Віцебскай вобласці. Гэта паводле запісаў былых уладальнікаў Cтатута. Яны размешчаныя на старонках”