Сваякі Саннікава і Някляева заклікалі ЕС "увесці самыя жорсткія санкцыі"
Сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава і дачка Ўладзіміра Някляева Ева Някляева звярнуліся да міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза.
Сястра Андрэя Саннікава Ірына Багданава і дачка Ўладзіміра Някляева Ева Някляева звярнуліся да міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза і "іншых палітыкаў Еўропы" з заклікам прыняць 31 студзеня "самыя жорсткія санкцыі" ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў.
"Калі ласка, зрабіце ўсё, што ў вашых сілах, каб паўплываць на рашэнне Рады ЕС увесці самыя жорсткія санкцыі, якія толькі магчыма, каб спыніць самаўпраўнасць, якая адбываецца ў самым цэнтры Еўропы. Спыніце фашызм у нашай краіне", — гаворыцца ў звароце, змешчаным на сайце charter97.org.
Багданава і Някляева заявілі, што шакаваны і абураны падзеямі, якія адбыліся 29 студзеня, калі з СІЗА КДБ пад хатні арышт былі пераведзены кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010 Уладзімір Някляеў і жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп, якія абвінавачваюцца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску ўвечары 19 снежня, паведамляе БелаПАН.
"Рэжым Лукашэнкі зноў фліртуе з Еўропай. Мы вельмі занепакоены тым, што яго выкруты спрацуюць яшчэ раз і што цывілізаваныя еўрапейскія міністры павераць у яго "добрыя" намеры. Паўтараецца ўсё тое, што адбылося раней, — пішуць аўтары. — Рэжым Лукашэнкі працягвае арыштоўваць людзей, абшуквае іх хаты і офісы, але на словах нібы саступае патрабаванням, якія прад'яўляюць шматлікія сусветная лідары. Насамрэч ён толькі змяняе форму, па якой некаторыя з палітычных зняволеных утрымліваюцца пад вартай".
Ірына Багданава падкрэслівае, што "ўся сям'я Саннікава знаходзіцца ў стане стрэсу". "Данік і Ірына бясконца радыя таму, што яны разам, але зараз яны павінны вучыцца жыць пад сталым назіраннем двух ахоўнікаў, якія ходзяць за імі з пакоя ў пакой. Мы кажам пра дзіця і жанчыну, якая не з'яўляецца злачынцам і нічога благога не зрабіла. З майго пункта гледжання, гэта прамое парушэнне правоў чалавека і правоў дзяцей. Гэта проста нялюдска", — піша сястра Саннікава.
Ева Някляева заявіла, што ёй не дазволена мець зносіны з бацькам. Дачка паэта і палітыка не разумее, чаму ён "не быў пераведзены ў лякарню, але змешчаны пад хатні арышт, дзе лекар не зможа абследаваць яго".
"Мы молім вас не зважаць на гэтыя "жэсты" Лукашэнкі, — заклікаюць еўрапейскіх палітыкаў аўтары звароту. — Гэта ўсяго толькі гульня, у якую ён гуляў і раней. Леапард не змяняе плям на сваёй шкуры. У той самы момант, калі ЕС змякчыць свой падыход, у яго зноў будуць развязаны рукі, і ён працягне рабіць усё, што захоча".
Фота — orav.by