Сведка: Абураныя пасажыры выгналі ўдзельніка разгону акцый
Мінчук Глеб Новікаў у жывым эфіры Еўрарадыё распавёў пра здарэнне ў сталічным аўтобусе.
Новікаў: “Вечарам я вяртаўся ад сяброў. Гэта быў апошні аўтобус. Было вельмі мала народу. Збоку ад мяне сядзелі два хлопцы і аб нечым размаўлялі. Я пачуў нейкія абрыўкі фразаў, і адзін хлопец ганарыста распавядаў іншаму пра тое, што там недзе быў "махач" і хтосьці кагосьці ўдарыў, што там іх было шмат. Спачатку было нецікава, але потым я пачуў, што яны нічога не рабілі і толькі пляскалі ў ладкі. І ў гэты момант я зразумеў, што гэта была за бойка, дзе гэта адбывалася і што гэта за чалавек”.
Еўрарадыё: І вы былі першым, хто звярнуў на гэта ўвагу, вы звярнуліся да гэтага чалавека?
Новікаў: “Я звярнуўся да гэтага чалавека. Я сказаў нешта накшталт: “Як ты гэтым можаш ганарыцца?”. Сказаў гэта гучна і людзі гэта пачулі і ён таксама гэта пачуў. Я думаў, што ў гэтым аўтобусе я і застануся, бо чалавек пачаў нецэнзурна лаяцца ў мой бок, ужо пачаў уставаць (ён сядзеў трохі далей). І пакуль ён уставаў, ужо пачалі рэагаваць людзі на гэта ўсё. Жанчына, якая сядзела трохі бліжэй да кіроўцы, яна пачала за мяне заступацца і вельмі эмацыйна крычаць, што "ганьба", казала, што кожную сераду ходзіць у царкву і моліцца, "каб такіх людзей проста не існавала на гэтым свеце". Казала, што хвалюецца за маладое пакаленне, якое па серадах пляскае ў ладкі”.
Еўрарадыё: І што было далей?
Новікаў: “Ён ужо падымаўся і казаў: “Закрый свой рот”. І вельмі мацюкаўся. Магчыма, што пачалася б бойка. Але за нас заступіўся яшчэ адзін удзельнік — гэта мужчына, які сядзеў за хлопцамі. Ён устаў і сказаў: “Пайшлі прэч адсюль, шчанюкі!”. Падняўся шум. І хлопцы, пэўна, спужаліся абураных людзей, якія зразумелі, хто яны. І хлопцы выйшлі на прыпынку, які акурат быў. Мужчына яшчэ раз устаў і сказаў, каб яны сыходзілі адсюль. Яны выйшлі ў дзверы і там ужо пачаліся нейкія пагрозы. Калі яны стаялі на прыпынку, адзін сказаў, што "мы з табой яшчэ пабачымся і паглядзім, хто каго і што будзе”.
Еўрарадыё: Што пасля гэтага адбывался ў аўтобусе?
Новікаў: “Людзі, якія сядзелі каля мяне, пачалі размаўляць пра тое, што зараз адбываецца ў краіне. Імгненна перакінуліся на палітыку. Апынулася, што людзі ўсе чытаюць навіны, назіраюць за ўсім. Нават шмат сваякоў, сяброў ходзяць на акцыі пратэсту. Было некалькі парачак, якія шушукаліся, што вось хуліганы, буяняць у аўтобусе. Але абмяркоўвалі гэта ўсе”.
Еўрарадыё: Чаму для вас гэтая гісторыя была неабыякавая, чаму вы звярнуліся да гэтага хлопца?
Новікаў: “Я працую журналістам, я сам прысутнічаю на гэтых акцыях і я бачу, як гэта адбываецца. І мяне самога затрымлівалі на іншых акцыях, таму я не мог прамаўчаць”.
Пасажыры выгналі ўдзельніка разгону акцый з аўтобуса- euroradio.fm by Euroradio