Свініну выдаюць толькі па 10 кілаграмаў на рукі!

110829 Nasta Mjasa.mp3

Журналіст Еўрарадыё стала сведкай, як з чаргі па мяса выгналі жанчыну. Тая паабяцала “вярнуцца і разабрацца”…


— Задняй часткі хочаце набраць! 10 кілаграмаў задняй часткі яна захацела…
— Не камандуйце! Я стаяла з 6-й гадзіны ў чарзе…
— А я ведаю, дзе вы жывяце! Кожны дзень тут стаіце. Стане, набярэ, а пасля з наступным кошыкам — ізноў!
— Нічога, я разбяруся пазней!


Падзеі адбываліся сёння зранку ў мінскай краме №32, што належыць да Холадакамбіната №2. Чаргу тут займаюць з 6-й гадзіны раніцы. Але з-за частых спрэчак на рукі выдаюць не больш за 10 кілаграмаў мяса.


У чарзе — чалавек 30… У асноўным — людзі сталага веку.


Жанчына з чаргі: “Правільна зрабілі, што па 10 кілаграмаў. 10 кілаграмаў, я думаю, кожнаму хопіць”.


Пытаюся, ці праўда ёсць абмежаванні на мяса.


Прадаўшчыца: “Так, 10 кілаграмаў. Калі вам трэба — выбірайце”.


Вось так ласкава мне прапанавалі выбраць мяса, не чакаючы сваёй чаргі. Людзі ў чарзе таксама не абураюцца. Кажуць: выбірайце! Але гэта не таму, што ўсе такія добрыя, а таму, што ніхто не хоча браць мяса, якое засталося (з фота зразумела, чаму). Усе чакаюць новага прывозу.


Праўда, калі ён будзе, невядома.


— Ці будзе новы завоз?
— Так, будзе.
— А калі?
— На працягу дня.
— А больш канкрэтна?
— Больш канкрэтна нават дырэктар не ведае.


Раптам чарга заварушылася. Прывезлі новае мяса! І зноў пачалася лаянка і крыкі. Ёсць і незадаволеныя тым, што браць можна толькі па 10 кілаграмаў.


— Я ўжо месяц не была ў вашай краме! Месяц не была, а вы будзеце казаць, каму што браць. Цэлы месяц не хадзіла, а тут 10 кілаграмаў вазьмі і ўсё…
— А вы па жыцці ўсім незадаволеныя, толькі ў краму прыходзіце і вечна бубніце.



Некаторым не даюць узяць нават 10 кілаграмаў. Кажуць, што можна набыць 10 кілаграмаў рознага (!) мяса — а не выбіраць самае лепшае!


— Я стаяла з 6-й гадзіны, і каб мне далі тое, што я хацела!
— А чаго вы з 6-й стаіце, калі а 9-й адкрываецца крама?
— Людзі бяруць па 10 кілаграмаў, а я толькі два кавалачкі…
— Дык і вы вазьміце 10 кілаграмаў, але рознага. А вы хочаце заднюю частку… 10 кілаграмаў задняй часткі хочаце набраць!


На мінулым тыдні хадзілі чуткі, што так проста ў краме № 32 мяса не купіш… Нібыта, спачатку трэба трапіць у спіс, які складаюць самі пакупнікі. Але я ніякага спісу не знайшла. Мяса можна купіць па жывой чарзе… Калі хопіць нерваў.

Галёнка свініны каштуе 9110 рублёў.
Ялавічына, I гатунак — 17830.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі