“Сярэдні заробак? Мне здаецца, прыблізна мільён-паўтара. Можа, два?”

120720 Savi4_Zarobak.mp3

Больш за ўсё здзіўляе адказ мінчанкі Наталлі. Дзяўчына ўпэўненая, што беларусы ў сярэднім атрымліваюць… прыкладна 150 долараў!

“Сярэдні заробак? На жаль, не ведаю. Мне здаецца, прыблізна мільён-паўтара. Можа, два?”, — вагаецца Наталля. Расчароўваю яе: насамрэч сярэдні беларускі заробак — крыху больш за 3,5 мільёна.

Дзяўчына ўжо паўтара года працуе прадаўцом-кансультантам. Да ўдзелу ў нашым апытанні яна знаходзілася ў поўнай упэўненасці, што яе заробак у 2,5 мільёна — гэта “вышэй за сярэдні”.

Працягваю вулічнае апытанне. Памочнік выхавальніка з Бабруйска Алена Уладзіміраўна да нядаўняга часу атрымлівала 1 мільён 200 тысяч. Але сёлета звольнілася і падала дакументы на вышэйшую адукацыю. Дарэчы, сама Алена таксама “нават блізка” не ведае, колькі трэба сярэдняму беларусу атрымліваць паводле статыстыкі Белстата!

Чыноўнік Уладзімір упэўнены, што беларусы ў сярэднім атрымліваюць каля 3 мільёнаў. А на прадпрыемствах, дзе “арганізаваная вытворчасць і ёсць гаспадарчы падыход”, — і ўсе 5 мільёнаў!

“Дакладных дадзеных не магу сказаць, але, думаю, у раёне 3 мільёнаў. Гэта ж сярэдні — хтосьці больш атрымлівае, хтосьці менш”, — правільна разумее сэнс сярэдняга заробку Уладзімір.

Свой прыбытак чыноўнік не называе, але заўважае, што ў яго кашальку грошай больш, чым Белстат падлічыў. Дарэчы, згодна з афіцыйнымі звесткамі, у дзяржслужачых заробак толькі на 100 тысяч перавышае сярэдні па краіне. Цікава, хто з чыноўнікаў атрымлівае менш за 3,5 мільёна, каб статыстыка вывела таки заробак?

У адказ на пытанне Еўрарадыё пра сярэдні заробак прадавец Каця цяжка ўздыхае: “Не ведаю, можа долараў 100-200. Так, 200 долараў заробак”.

У эквіваленце 200 долараў — гэта нават не два мільёны! Кацярына, бяры вышэй, прэзідэнт да канца года абяцаў 500 умоўных! У самой жа Кацярыны прыбытак крыху больш за 2 мільёна. У чарговы раз пераконваюся, што кожны мяркуе па сабе!

Выкладчыца музычнай школы Зоя зарабляе каля 3 мільёнаў. Працуе “на поўную загружанасць”. Яе муж у ЖКГ мае 2,4 мільёна. Зоя адказвае, што сярэдні заробак у беларусаў — 2 мільёны. Пры гэтым жанчына заўважае, што заробкі ў Беларусі мізэрныя. Калі скласці яе заробак з заробкам мужа, на кожнага чалавека ў сям'і не выйдзе нават прыблізна па 2 мільёны.

Падыходжу да наступнай “ахвяры” апытання. Мінскі доктар Аліна робіць стаўку на... 6 мільёнаў! “Афіцыйная сярэдняя зарплата? Думаю, ад чатырох да шасці мільёнаў”, — кажа дзяўчына. Аліна моцна здзіўляецца, што яе адказ недакладны, а сярэдні заробак па краіне — 3,5 мільёна. Хаця яе канкрэтны заробак на паўмільёна меншы нават за сярэднестатыстычны.

У супрацоўнікаў Белстата сярэдні заробак самы правільны — 3,5 мільёна. Як і ва ўсіх дзяржслужбоўцаў. Па Мінску і Гомельскай вобласці работнікі статыстыкі атрымліваюць 3,6 мільёна. Прыкладна пароўну ў прадстаўнікоў Белстата Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей — 3,5 мільёна. Больш за ўсіх атрымліваюць у Магілёўскай вобласці — 3,7. А вось самы маленькі заробак — у работнікаў статыстыкі Мінскай вобласці: 2,9 мільёна!

Такім чынам, супрацоўнікі Белстата, акрамя магілёўцаў, уваходзяць у тыя самыя 48% беларусаў, што атрымоўваюць сярэднестатыстычны заробак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі