The Toobes: Больш грува, кача і мазафакі
У дзень выхаду новага альбома “Тубсы” распавялі пра канцэптуальнасць пласцінкі, еўрапейскі рэліз і справы з Трыкі і паразважалі над сваім сталеннем.
Дарэчы, альбом “My Generation” складаецца з 12 песень. Яго можна спампаваць ужо зараз па адрасе http://thankyou.ru/music/rock/the_toobes/albums/my_generation
Пра час, прастору і Трыкі
Еўрарадыё: Паміж двума вашымі альбомамі адлегласць у 2,5 гады. Наколькі плённым быў гэты час?
Косця Пыжоў: Мне здавалася, гэта адлегласць паменш. Вось як!
Стас Ламакін: Так? Клас! Ну, гэта выдатна! Не люблю, калі штампуюць, не люблю плённых мастакоў. Гэта прыводзіць да тупіку і аднастайнасці. Гэта брыдка і нецікава. Гэта значыць, у нас адсеклася, напэўна, адсоткаў 80-90 усіх песень, якія былі напісаныя за гэты час.
Косця Пыжоў: Гэты альбом выйшаў менавіта тады, калі ён павінен быў выйсці. Вось мы цяпер гэта рэальна разумеем.
Еўрарадыё: Значыць, гэты час быў патрэбным?
Косця Пыжоў: Так. Вельмі патрэбным.
Стас Ламакін: Калі мы б выпусцілі альбом год таму, гэта быў бы іншы альбом, і, напэўна, не той, які мы жадалі.
Косця Пыжоў: Магчыма, ён быў бы не такім паспяховым (смяецца)…
Еўрарадыё: Усе гэтыя гады вакол альбома хадзіла мноства чутак і здагадак. Гэта павінен быў быць “еўрапейскі” альбом. Але чамусьці ён выходзіць толькі ў Беларусі….
Стас Ламакін: Нічога страшнага. Будзе еўрапейскі рэліз гэтага альбома напачатку 2012 года. Таму што не ўсё так проста, як мы думалі, і як наогул выглядае з боку. Усё вельмі складана, і мы гэтым займаемся – змагаемся са сваімі ж праблемамі.
Косця Пыжоў: Цяпер некалькі лэйблаў гатовыя займацца гэтым рэлізам. Усё гэта назначана на 2012 год. Гэта значыць, гэта лэйблы Бельгіі, Германіі, Галандыі. Альбом, натуральна, будзе ў іншым выглядзе. Тое, што мы цяпер зрабілі – гэта, хутчэй, для тых, хто вельмі даўно чакае ад нас чагосьці новага.
Стас Ламакін: Ну і мы, уласна, яго чакалі таксама. Паўгода ў паветры правісаў альбом, мы чакалі ўсё ж, што з'явіцца нейкая дапамога з боку, але ўсё адно мы зрабілі ўсё самі.
Еўрарадыё: Наступная чутка: альбом павінен быў выйсці на лэйбле Трыкі. Як там наогул пажывае Трыкі? Вы яшчэ падтрымліваеце сувязь?
Стас Ламакін: Мы надоечы абмяркоўвалі акурат, што адносіны кепска папахваюць. Доўга ўжо ўсё гэта цягнецца. Мы нядаўна паспрабавалі аднавіць перапіску: што ды як? Всветлілася, што музыка не можа займацца прадзюсаваннем. Таму, што Трыкі – музыка, і тыя ж праблемы, якія ёсць у нас, ёсць і ў яго з альбомам.
Косця Пыжоў: Толькі ў іншым маштабе.
Стас Ламакін: Яму не да нас. Гэта значыць, калі мы і будзем прасоўваць альбом, то, напэўна, з людзьмі, якія толькі гэтым займаюцца. У Трыкі не было досведу прасоўвання гурта. Таму і складанасці. У любым выпадку, у любы момант мы павернемся да яго тварам, калі ён адмовіцца ад музычнай кар'еры.
Пра пакаленне і характар
Еўрарадыё: Такім чынам, альбом. “My Generation”. Ён – адлюстраванне вашага пакалення?
Стас Ламакін: Не, гэта адлюстраванне нас, гэта значыць, мы адказваем толькі за сябе.
Еўрарадыё: А якое яно – ваша пакаленне?
Стас Ламакін: Разнастайнае, дзіўнае…
Косця Пыжоў: Сапсаванае…
Стас Ламакін: У апошні час мы слухаем нейкую пахабшчыну – поп 80-х. Гэта значыць тое, што ў падлеткава-школьным узросце немагчыма было слухаць. А цяпер слухаеш і разумееш, што ўсё ж штосьці ў гэтым ёсць. Вельмі цікава пакорпацца і пакапацца… Я і класіку цяпер люблю слухаць, страшная справа.
Еўрарадыё: Першы альбом – гэта як зародак "Тубсаў". Другі – якія вы ёсць. Што дадалося да зародка? Што з'явілася ў характары і знешнасці?
Стас Мурашка: З'явіўся характар, можна сказаць.
Стас Ламакін: Так. Можна паглядзець першы кліп “What Do You Whant?” – я гляджу на Стаса, і мне хочацца блевануць. Кліп трох трупаў (смяюцца).
Косця Пыжоў: Тым не менш, дзякуй Волкаву, за тое, што ён добра нарэзаў відэа. Мантаж у яго круты!
Стас Ламакін: Растрэслі сябе… Разняволіліся, раскрыліся.
Стас Мурашка: Магчыма, проста сапсаваліся.
Стас Ламакін: Чуем з боку меркаванне, што “Тубсы” – гаўнюкі, агідныя, гідкія, зазналіся казлы (смяюцца). Гэта так прыемна! Дзякуй вам! Што тычыцца альбома, глыбейшае стаўленне стала ў нас. Не павярхоўнае… хоць, у тым ліку, і павярхоўнае. Гэта не было вымучана. З 23 трэкаў, якія мы запісалі, мы абралі 12. Усе трэкі нам дарагія, але гэтыя 12, мы падумалі, што іх было б прыемна паслухаць усе разам і ў такім парадку – пэўная выстава. Фотавыстава…
Косця Пыжоў: Многія думаюць, што гэты альбом зусім іншы, што гэта будуць іншыя “Тубсы”. Не, гэтага не чакайце. Гэта будуць усе тыя ж “Тубсы”, толькі больш сталыя.
Стас Ламакін: Нават не больш сталыя, больш свядомыя.
Пра памылкі і канцэпцыі
Еўрарадыё: Гэта значыць тэксты і мелодыі сталі больш сур'ёзнымі?
Косця Пыжоў: Так, дарэчы, пра гэта мы таксама на днях казалі і прыйшлі да высновы, што больш асэнсаванасці з'явілася ў тэкстах, больш канцэпцыі.
Стас Ламакін: Другі альбом – гэта яшчэ і выпраўленне памылак.
Еўрарадыё: А якія былі памылкі ў альбоме “Hello”?
Косця Пыжоў: Памылка, напрыклад, у тым, што мы не вельмі сур'ёзна падышлі да плэйліста. Другі альбом – ён вельмі паслядоўны. Калі адну песню перасунеш – гэта ўсё адразу разваліцца. Мне гэта вельмі падабаецца. Музыка гарманічна пераліваецца з песні ў песню. Музычны складнік тут першасны. А канцэпцыя такая – адлюстраванні пакалення. Пакапаліся ў сваіх мазгах.
Стас Ламакін: Ну так, кожная песня – гэта нейкая невялікая, можа быць, выдуманая гісторыя, а можа, і не выдуманая. Усе тэксты абстрактныя, але гэта нейкія перажыванні, і яны перасякаюцца. Кожная песня звязаная з іншай песняй у гэтым жа альбоме. І гэта неяк прыемна.
Стас Мурашка: Па-мойму, там і з першым альбомам ёсць сувязь.
Косця Пыжоў: Сувязь з космасам.
Стас Ламакін: Сувязь з трэкамі ёсць, якія не ўвайшлі ў альбом, але ўсе іх, у прынцыпе, ведаюць.
Косця Пыжоў: Яны нікуды не падзенуцца, Стас, не перажывай. Трэкі гэтыя будуць жыць. У нас ёсць схованка яшчэ на адзін альбом.
Стас Мурашка: Усё. Косця сказаў, і я супакоіўся (смяюцца).
Еўрарадыё: Пра што альбом?
Косця Пыжоў: Пра каханне, пра нас, пра фобіі – пра што заўгодна! Пра тое, што перажывае пакаленне.
Стас Мурашка: Пра тое, што мы перажылі за гэтыя 2,5 гады.
Косця Пыжоў: Як шмат здымкаў. Рэнтген мозгу!
The Toobes и Лиам Галлахер
Пра вернасць традыцыям
Еўрарадыё: Па адчуваннях – ці змяняецеся вы самі, ці змяняецца манера ігры? Ці становіцца больш Джымі Хендрыкса, ці прыглядаецеся да Franz Ferdinand, Beady Eye, Muse?
Косця Пыжоў: Ды не – мы верныя сваім традыцыям! Магчыма, аранжыроўкі сталі больш прадуманымі, багацейшымі. Тым не менш, манеру ігры ніхто не мяняў: усе тыя фішкі яркія, якія ў нас былі калісьці, яны і засталіся, мы іх працягваем захоўваць.
Стас Мурашка: Мы неяк са Стасам сустрэліся год таму. Я кажу: “Я тут знайшоў відэа чатырохгадовай даўніны з рэпетыцыі”. Ён кажа: “Я таксама паглядзеў!” Я кажу: “Стас, ведаеш, мне не падабаецца адна рэч”. А ён: “Так, Стас, мне таксама – ты стаў горш граць!” (смяюцца)
Косця Пыжоў: Мы раней хутчэй гралі ўсё.
Стас Ламакін: Больш грува. Раней было больш панка. А цяпер – больш грува, кача і мазафакі.
Еўрарадыё: Сэнсу ў музыцы стала больш?
Стас Мурашка: Засталося столькі ж, колькі і было.
Косця Пыжоў: Гэта пытанне, пэўна, не да нас, а да тых, хто будзе слухаць гэту музыку.
Стас Мурашка: Мне здаецца, галоўнае тое, што ты ўкладваеш, і як ты гэта адчуваеш. Я лічу, што ў нас вельмі шмат сэнсу, філасофіі і дзэн-будызму (смяюцца).
Пра канцэрты і еўрапейскі тур
Еўрарадыё: 15 лістапада выйшаў інтэрнэт-рэліз альбома. Сам дыск з'явіцца бліжэй да канцэртнай прэзентацыі, якая чакаецца 26 лістапада. Але пласцінку вы ўжо пачалі "катаць"…
Косця Пыжоў: Вось мы пракацілі яе ў Беластоку. Чаканні апраўдаліся! Усе, напэўна, трошкі хваляваліся, таму што многія песні яшчэ ні разу не выконваліся перад публікай. Але рэакцыя была выдатнай. Гэта добры знак.
Еўрарадыё: Які з апошніх канцэртаў запомніўся больш за ўсё?
Косця Пыжоў: Апошні, вядома! Мы проста ў захапленні!
Стас Ламакін: Кожны апошні канцэрт запамінаецца ярчэй усяго. Потым наступны канцэрт запамінаецца, потым наступны.
Косця Пыжоў: Нават калі ён быў вельмі дрэнны, мы ходзім і кажам: "Якое г..но быў канцэрт!"
Стас Ламакін: У 2012 годзе ў студзені мы рыхтуем тур па гарадах і вёсках Еўропы: Бельгія, Францыя, Галандыя, Германія, Іспанія.
Еўрарадыё: Гэта значыць, і ў гэты ж час выйдзе еўрапейскі рэліз альбома “My Generation”?
Косця Пыжоў: Калі б ён выйшаў у гэты час, гэта было б ідэальна.
Стас Ламакін: Цяпер мы выбудоўваем нейкія даты, нейкія моманты. Абмяркоўваем з адным лэйблам магчымыя варыянты супрацоўніцтва. Гэтыя хлопцы нас паслухалі ў Кіеве. Яны прыязджалі на праслухоўванне іншага гурта, але пачулі нас і бегам паперкі з намі падпісваць.
Косця Пыжоў: Але ды там!
Стас Ламакін: Па прычыне набранага досведу, мы ўсё дэтальна абмяркоўваем. Пакуль усё станоўча.
Пра тое, як можна сказаць “дзякуй” гурту
Еўрарадыё: Ці будзе расійскае і ўкраінскае выданне альбома?
Косця Пыжоў: Рэлізаў украінскіх, расійскіх і японскіх цяпер сапраўды не будзе. Будзе адзін рэліз, і ён выйдзе на сайце thankyou.ru – гэта расійскі сайт, дзе любы жадаючы можа сказаць “дзякуй” любым зручным для яго спосабам у грашовым эквіваленце. Гэта значыць, дыск можна скачаць бясплатна, але калі ў цябе ёсць сумленне, ты можаш сказаць “дзякуй” і пераслаць хоць бы долар, пяць, дзесяць…
Стас Мурашка: Сто!
Косця Пыжоў: Такая сістэма.
Стас Мурашка: Калі мы атрымаем хаця б бы адзін цэнт, мы проста абаср..ся ад шчасця.
Косця Пыжоў: Так, гэта будзе прыемна!
Пра трэці альбом
Еўрарадыё: Вы сцвярджаеце, што ў вас ужо маецца матэрыял на трэці альбом. Будзеце таксама чакаць тры гады ці стрэліце ўжо праз пару месяцаў?
Стас Ламакін: З улікам таго, што мы цяпер дабудавалі, можна сказаць, сваю студыю гукапісу, я думаю, што гэта адбудзецца даволі хутка.
Косця Пыжоў: Мы проста яшчэ ў аморфным стане знаходзіліся ўвесь гэты час. Цяпер мы разумеем, што часу столькі няма – 2,5 гадоў у нас ужо няма.
Стас Мурашка: Мы раней ад чагосьці залежалі ўвесь час. А цяпер мы сталі больш самастойнымі.
Стас Ламакін: Для альбома “My Generation” часу было мала: увесь час нейкія справы, раз'езды. Банальна, мы можам засесці на тыдзень у сваёй студыі. І за тыдзень запісаць увесь матэрыял. Але будзем лавіць момант. Гэта не будзе марна.
Стас Мурашка: У нас, насамрэч, пасля альбома запланавана некалькі рэлізаў. На паўгода ўсё распісана.
Косця Пыжоў: Так, ёсць жа песенькі, якія не ўвайшлі ў альбом. Вось мы хочам нейкім чынам іх падараваць - каб яны жылі ў Сеціве ці на дысках.
Стас Ламакін: У мяне яшчэ дагэтуль ёсць мара на вініле выдацца.
Стас Мурашка: Так. Гэта крута.