Тратыл у самалёце Качыньскага: памылка рэдактара ці медыя-маніпуляцыя?

30 кастрычніка польскае выданне Rzeczpospolita паведаміла пра выбухоўку, знойдзеную на рэштках самалёта ТУ-154, што разбіўся ў Смаленску. Хутка газета выдае абвяржэнне, а галоўны рэдактар Томаш Врублеўскі падае ў адстаўку. Праўда, польскае грамадства ўжо паспявае падзяліцца на тых, хто падтрымлівае версію з тэрактам і тых, хто ў яе не верыць.

“Ёсць шэраг акалічнасцяў, якія кажуць пра тое, што ў смаленскай трагедыі бралі ўдзел трэція асобы. Цяпер мы не можам катэгарычна сцвярджаць, што не было тэракту”, — кажа Марта Качыньская, дачка Леха і Марыі Качыньскіх, якія загінулі пад Смаленскам.

Расійскі палітолаг Алег Няменскі спадзяецца, што інфармацыя пра выбухоўку не пацвердзіцца. Пакуль жа раіць чакаць вынікаў некалькіх незалежных экспертыз. У адваротным выпадку міжнародныя адносіны Расіі трапяць у складаную сітуацыю.

Алег Няменскі: “Думаю, гэта чарговы ўсплеск пачуццяў і перажыванняў, звязаных са смаленскай трагедыяй. Зараз ёсць інфармацыйная нагода. Але праз тыдні 2 яна забудзецца, і будзе толькі ўспамінацца”.

У сваю чаргу польскі навуковец Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі не выключае, што пад Смаленскам у 2010 годзе мог адбыцца менавіта тэракт.

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі : “Што тычыцца доказаў, то мусім адзначыць, што па-ранейшаму ведаем не шмат. Пракуратура лічыць, што гэта малаверагодна. Сцвярджала 2,5 гады, што ўсё вывучыла і ўсё ведае, а цяпер кажа, што патрабуе чарговыя паўгода, каб гэта вывучыць. Таму не лічу, што на выказваннях пракуратуры можам нешта сцвярджаць”.

Эксперт лічыць, што спрэчная інфармацыя пра сляды тратылу магла быць падкінута журналісту Цэзары Гмызу, каб у выніку артыкул адцягнуў увагу ад шматлікіх паразаў урада Дональда Туска за апошні час. Такіх, як перанос матчу Польшча-Англія ў Варшаве з-за вялікага дажджу альбо памылка з целамі ахвяраў Смаленскай катастрофы, якія пераблыталі. Яшчэ больш блытае сітуацыю “раскол” унутры газеты (Цэзары Гмыз не адмаўляецца ад сваіх слоў і не збіраецца раскрываць свае крыніцы).

Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі: “Вяртанне да дэбатаў, быў альбо не быў тэракт і прадстаўлення “Права і справядлівасць” (галоўнага канкурэнта кіруючай “Грамадзянскай платформы” – заўв.Еўрарадыё) як вар’ятаў і прыхільнікаў тэорыі змовы, ляжала ў прапагандысцкім інтарэсе ўраду. І на гэтым фоне ўрад можа выглядаць як сіла розуму. А на іншым фоне ўжо не можа, бо церпіць паразы. І чакаецца чарговая параза ў пытанні падзелу бюджэту ЕС”.

А вось расійскі эксперт Алег Няменскі не верыць у дзяржзамову.

Алег Няменскі: Я думаю, што газета зацікаўлена ў публікацыі сенсацыйнай інфармацыі, як мага хутчэй і раней, чым іншыя СМІ. Гэта нармальны журналісцкі падыход. І ў дадзеным выпадку шукаць замову з боку дзяржулады альбо здраду з боку газеты, праплачанасць, не варта”.

Фрагменты пояса бяспекі, які правяраўся на наяўнасць тратыла

Тым часам прафесар Казімеж Новачык на сваім блогу апублікаваў вынікі аналізу, пробы для якога былі ўзяты 26 красавіка. Першасныя даследаванні амерыканскіх навукоўцаў засведчылі наяўнасць на поясе бяспекі тратылу. Але каб сказаць гэта дакладна, патрэбна правесці больш сур’ёзны аналіз.

Фота: lodz.naszemiasto.pl , niezalezna.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі