“Цяжка прыгадаць, калі зборная Беларусі паказвала прыгожую гульню”

7 верасня зборная Беларусі па футболе стартуе ў адборачным цыкле чэмпіянату свету-2014. Першы матч — у гасцях супраць каманды Грузіі. Рэдактар спартовага партала Goals.by Максім Беразінскі ацаніў шансы нашай каманды.


Еўрарадыё: Якія агульныя ўражанні перад пачаткам адборачнага цыкла да чэмпіянату свету-2014?


Максім Беразінскі: Агульнае ўражанне трывожнае. Бо мы бачылі толькі 3 гульні зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева. Не будзем казаць, што група ў нас вельмі складаная, таму гуляюць Францыя і Іспанія. Таксама Грузія і Фінляндыя – каманды, якія суадносяцца з намі па ўзроўні. Ёсць шмат праблем у беларускім футболе, яны агаліліся цяпер з яшчэ большай вастрынёй. Калі быў Штанге, за гэтай медыйнасцю, усім нямецкім лоскам, гэта хавалася.


Еўрарадыё: А ці можна адзначыць нейкія пазітыўныя моманты?


Максім Беразінскі: Пазітыўныя моманты, сапраўды, ёсць. У нас даволі маладая, добрая каманда з пункту гледжання перспектыў. Шмат людзей з гэтай каманды пагулялі на моладзевых чэмпіянатах Еўропы, пагулялі ў Лізе Чэмпіёнаў у складзе БАТЭ. Ведаюць, што перамагаць можна ўсіх. У прыватнасці Сяргей Кісляк забіваў гол зборнай Францыі на Сэн-Дэні. Гэта добрая каманда, проста ёй трэба дапамагчы раскрыцца. У яе няма відавочнага лідара, але можа гэта і добра: выстраліць можа кожны. Хаця нейкі важак, “дзядзька” значна дапамог бы камандзе ў станаўленні. 


Еўрарадыё: Зразумела, што за першыя месцы ў групе будзе складана змагацца. Дык можа гульнёй футбалісты парадуюць балельшчыкаў?


Максім Беразінскі: Мне складана прыгадаць, калі зборная Беларусі паказвала прыгожую гульню. Напэўна, апошні раз гэта было пры Анатолю Байдачным. Няма вялікіх надзей, што будзем бачыць займальнае відовішча з вялікай колькасцю галоў. Што тычыцца балельшчыкаў, думаю, трэба з імі працаваць. Гульня важная, як і вынік. Калі нашы зараз перайграюць Грузію і Францыю, то збярэцца поўны стадыён на хатнія гульні. Але стадыён мусіць збірацца на зборную, нават калі яна прайграе гэтыя дзве гульні. Тут федэрацыя мусіць сесці і распрацаваць нармальную стратэгію, як працаваць з балельшчыкамі, чым іх прыцягваць. Мы бачылі, як заўзелі балельшчыкі зборнай Ірландыі, калі прайгравалі ўчыстую Іспанію. Але яны 10 гадоў займаліся прыцягненнем балельшчыкаў, змяняючы іх стаўленне да зборнай. І яны дабіліся гэтага! І нам трэба ісці якім-небудзь такім шляхам.

Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі