Турэцкая газета: “БАТЭ — не жаўтаротыя хлопчыкі”

14 лютага на гродзенскім стадыёне “Нёман” у межах 1/16 Лігі Еўропы БАТЭ прымае стамбульскі “Фенербахчэ”. Еўрарадыё паспрабавала ўзгадаць спартовыя і каляспартовыя фактары, якія могуць паўплываць на вынік сустрэчы.

Галоўны трэнер барысаўчан Віктар Ганчарэнка шансы каманд ацэньвае як “50 на 50”.

БАТЭ толькі пачынае сезон, таму, магчыма, знаходзіцца не ў лепшай форме. Але разам з тым англамоўная турэцкая газета “Today’s Zaman” адзначае, што “БАТЭ — не жаўтаротыя хлопчыкі”. І дадае, што “жоўтым канарэйкам” (так называюць турэцкі клуб) будзе складана гуляць пры гродзенскіх -6 градусах Цэльсія, улічваючы, што ў Стамбуле +6.

“Today’s Zaman”: “Маці-прырода прадугледжвае, што канарэйкі таксама будуць гуляць супраць халоднага надвор’я ў Беларусі. Акрамя таго, гэта будзе першая сустрэча “Фенербахчэ” супраць беларускага клуба. Таму можна сказаць, што “Фенербахчэ” сустракаецца з невядомым сапернікам”.

Галоўны трэнер “Фенербахчэ” Айкут Коджман не пагаджаецца з выданнем і заяўляе, што надвор’е наўрад ці моцна паўплывае на матч. Хаця лёгкай гульні Коджман не чакае.

Айкут Коджман: “Безумоўна, гульня з БАТЭ будзе складанай, спадзяемся, усё пройдзе паспяхова. Не хочацца рабіць нейкіх гучных заяў аб складзе на гульню з БАТЭ. Бліжэй да матча вызначымся з тымі людзьмі, якія выйдуць на поле. Усе футбалісты для нас вельмі важныя. Мы выбіраем тых выканаўцаў, якія лепей гатовы ў канкрэтным матчы”.


Вядомы сербскі футбаліст Мацея Кежман пагуляў у абедзвюх камандах. Ён кажа пра больш салідны бюджэт і “сапраўдных зорак” турэцкага клуба. Але рабіць прагнозы не бярэцца.

Мацея Кежман: “Фаварыт на паперы “Фенербахчэ”. Аднак, ведаеце, цяпер я часта кантактую з турэцкімі журналістамі. Сцвярджаю, што іх клубу будзе складана. У БАТЭ надзейная абарона, барысаўчане граматна дзейнічаюць у контратаках. Яны ведаюць, чаго хочуць ад іх кожную хвіліну”.

Шлях каманд да 1/16 Лігі Еўропы быў розны. БАТЭ гучна і нечакана перайграла “Ліль” і “Баварыю” ў Лізе чэмпіёнаў, пасля прайграла 4 матчы і заняла трэцяе месца ў групе. “Фенербахчэ” ў Лізе Еўропы з 13 ачкамі заняў першае месца, апярэдзіўшы “Барусію” (Мёнхенгладбах), “Алімпік” (Марсэль), “АЕЛ” (Лімасол). Прычым усе тры выязныя матчы туркі выйгралі.

Затое турэцкі матч БАТЭ і “Фенербахчэ”, згодна з рашэннем УЕФА, пройдзе пры пустых трыбунах. Віктар Ганчарэнка заявіў, што, забараніўшы заўзятарам прыйсці на матч, УЕФА пакарала не толькі “Фенербахчэ”, але і БАТЭ. На што суполка “Вконтакте” belultras.by пытаецца, ці сапраўды трэнер гаварыў сур’ёзна. Напэўна, маючы на ўвазе агрэсіўнасць турэцкіх фанатаў, якія, паводле некаторых звестак, толькі за апошнія гады зарэзалі каля 50 ворагаў з “Галатасарая”.

Дарэчы, букмекеры з фаварытам матча не вызначыліся. У сярэднім на перамогу барысаўскага клуба яны ставяць каэфіцыент 2,6-2,7. Прыкладна як і на перамогу “Фенербахчэ”. Нічыя ж ацэньваецца ў 3,1-3,3.

Фота: news.open.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі