У Брэсце хочуць знесці чарговы гістарычны будынак
Гарвыканкам прызнаў дом на вуліцы Астроўскага аварыйным і праз суд спрабуе выселіць жыхароў.
Кіраўніцтва архітэктуры і горадабудаўніцтва разам з аддзелам культуры Брэсцкага гарвыканкама тры гады таму склалі афіцыйны спіс гістарычных будынкаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Ён налічвае больш за дзвесце гістарычных забудоваў, што месцяцца ў цэнтры горада. Аднак калі дом знаходзіцца ў спісе, гэта яшчэ не азначае, што дзяржава яго будзе ахоўваць. Дастаткова правесці інвентарызацыю — і з дома могуць зняць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такі лёс напаткаў два гістарычныя будынкі па цэнтральнай вуліцы Леніна. Цяпер у падобнай сітуацыі знаходзіцца дом нумар 10 па вуліцы Астроўскага, пабудаваны ў 1925 годзе. Жыхары атрымалі распараджэнне на перасяленне. Гэта яны звязваюць з магчымым прыходам інвестара. Расказвае адзін з жыхароў Алег Вайткоў:
“З 2006 года наш дом хочуць прызнаць аварыйным. Прыязджалі чэшскія інвестары і Палышанкоў (старшыня гарвыканкама. — заўв. Еўрарадыё) хацеў аддаць ім участак пад забудову. Побач з вуліцай Астроўскага стаяць аднапавярховыя будынкі, нават без фундамента, і доўга думалі, што з імі рабіць. Яны даўно стаялі на знос, а калі прыязджалі чэхі, вырашылі пад забудову даць ім болей плошчы, уключылі і наш дом”.
Жыхары 7-кватэрнага дома на Астроўскага не збіраюцца пераязджаць. Бо замест жылля ў цэнтры горада ім прапануюць перабрацца ў сацыяльны дом у мікрараёне Паўднёвы, на ўскрайку Брэста. Мала таго што транспарт туды кепска едзе, дык ім прапанавалі кватэры, меншыя па плошчы.
Сацыяльны дом, паводле слоў жыхароў, будаваўся для інвалідаў-вазочнікаў, у прапанаваных кватэрах вялікія калідоры, ванныя і туалеты, аднак малыя пакоі. Ніхто не звяртае ўвагу і на тое, што метр жыллёвай плошчы ў цэнтры горада каштуе болей, чым на ўскрайку, гэтую розніцу кампенсаваць таксама не збіраюцца.
Новым жыллём адсяленцаў забяспечвае гарвыканкам. Імя інвестара, які распачынае будаўніцтва на тэрыторыі знішчаных дамоў, зазвычай не называецца. Таму ўзнікае пытанне: ці пакрывае інвестар выдаткі з гарадскога бюджэту? Разважае каардынатар руху "За свабоду” Дзяніс Турчаняк:
“Возьмем Астроўскага 10: гэты дом прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, іначай яго б даўно знеслі. Аднак гарвыканкам адсяляе жыхароў у кватэры, пабудаваныя за кошт бюджэту, а потым з’яўляецца нейкі інвестар. І ўзнікае пытанне, пакрывае ён сродкі, выдаткаваныя на рассяленне жыхароў, ці не?”
Каб адстаяць свой дом, жыхары прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі і нават дайшлі да Следчага камітэта і Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак усе іх звароты перанакіравалі ў гарвыканкам. Той ў сваю чаргу сцвярджае, што дом у аварыйным стане. Незалежная экспертыза яшчэ працягваецца, але папярэдне эксперт зазначыў, што дом не ў аварыйным стане і жыць у ім можна, расказвае Валянціна Мальцава:
“Гарвыканкам падвёў нас пад другую катэгорыю зносу: што дом стары, у аварыйным стане, ёсць пагроза абвалу — гэта азначае, што ў ім немагчыма пражываць,а дэфекты немагчыма выправіць. Эксперт сказаў, што дэфекты відавочныя, бо не было капітальнага рамонту больш за 30 гадоў, але іх магчыма выправіць без адсялення жыхароў”.
Тым часам гарвыканкам падаў у суд на жыхароў дома, паколькі яны не хочуць высяляцца са сваёй уласнасці. Аднак “адсяленцы” сцвярджаюць, што паводле закону, калі яны жывуць у доме, які лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, то высяленне мусіць ажыццяўляцца толькі са згоды жыхароў.
Спецыяльна для праваабарончай праграмы "Кардыяграма"