У чарзе ў абменнік — больш за 1200 чалавек (фотафакт)
Еўрарадыё высвятляла, як банкі адрэагавалі на рэкамендацыю Нацбанка не прадаваць валюту і колькі чалавек стаяць у чэргах па долары.
24 жніўня Нацбанк параіў банкам спыніць продаж валюты ў абменніках, што знаходзяцца ў буйных гандлёвых цэнтрах. Так, “Беларусбанк” ўжо разглядае рэкамендацыю Нацбанка, але продаж валюты пакуль не спыняў.
“Дадзеная рэкамендацыя прынятая нашым банкам да разгляду. Пакуль жа ніякіх канструктыўных рашэнняў па гэтым пытанні не прымалася. Калі нехта здае валюту, мы яе прадаем”.
У абменніку “Беларусбанка” ў “Кароне” чэргі нікуды не зніклі, нават нягледзячы на тое, што ў дзень здаюць не болей за тысячу долараў. Ніякіх зменаў не адбылося і ў абменніку “Сомбелбанка”, што знаходзіцца побач.
У “Белаграпрамбанку” карэспандэнту Еўрарадыё распавялі, што афіцыйнай рэкамендацыі Нацбанка пакуль не атрымоўвалі.
“Наш банк на дадзены момант выдае валюту на сацыяльна значныя патрэбы. Таксама прадаем валюту, калі яе нехта здаў на працягу дня. Ніякіх забаронаў на продаж валюты пакуль няма”.
У абменніку “Белпрамбудбанка” ў гандлёвым цэнтры “Рыга” таксама пакуль нічога не змянілася.
“Нічога не змянілася: як прадавалі валюту, так і прадаем. А людзі як стаялі, так і стаяць”.
Прадаюць валюту і ў “Абсалютбанку”, што ў гандлёвым цэнтры “Ракаўскі кірмаш”. Калі яе, зразумела, нехта прыносіць.
Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў набыць валюту ў абменніку “Беларусбанка” на вакзале. Нехта з чаргі адразу раіць не марнаваць час: жадаючых набыць валюту ўжо больш за 1200 чалавек. Можна і паўгода прачакаць! Адзін чалавек можа набыць не болей за тысячу долараў, а сам працэс набыцця запаветнай валюты расцягваецца ад аднаго да трох дзён.
Нягледзячы на рэкамендацыю, запісваюся ў сшытак з чаргой. Мой нумар — 1216! Уражаны, дастаю фотаапарат і спрабую зняць. У тую ж секунду да мяне падлятаюць некалькі здаровых мужыкоў. Адзін з іх абяцае “замачыць” у жаночым сарціры, калі не выдалю здымкі, другі пагражае міліцыяй.
Такі час: тыя, каму пашчасціла набыць валюту, не хочуць гэтага афішаваць. Ці, увогуле, баяцца.
Тым часам, 25 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыя на валютным рынку стабілізуецца цягам 1,5-2 месяцаў. Цікава, што ў траўні прэзідэнт ужо абяцаў, што валютныя праблемы за 1-2 месяца знікнуць. Але чэргі ў абменніках ад таго не скараціліся, а наадварот — павялічыліся. Людзі чакаюць, што еўра ці долары ўсё ж такі з’явяцца ў банках. Можа, на гэты раз абяцанне прэзідэнта спраўдзіцца.