У чым сакрэт ураджайнасці Віцебскай вобласці?

110817 Mancevi4_Kolkhozy.mp3

На Віцебшчыне дажджы і сонца павялічылі ўраджай, астатнім рэгіёнам надвор’е не надта дапамагло.


Ураджайнасць вырасла па ўсіх рэгіёнах — на 2-5 цэнтнера з гектара. І толькі па Віцебскай вобласці — ажно на 11 цэнтнераў! Гэта больш як у 1,5 разы! Еўрарадыё высвятляла, у чым справа.


Амаль у два разы павялічалася ўраджайнасць у калгасе “Антонава-агра” Віцебскай вобласці.


“Па ураджайнасці перавышэнне ў 2 разы ў параўнанні з мінулым годам. Па нашай гаспадарцы летась была нізкая ўраджайнасць. Але сёлета мы навярсталі, амаль на 35 цэнтнераў з гектара выйшлі”.


Галоўны аграном калгасу кажа, што ўраджай выратавала… засуха!


“Антонава-агра”: “Па-першае, нам выдзелілі большыя рэсурсы. Была 100% забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, акрамя таго былі выдзелены сродкі абароны — фактычна ў поўным аб’ёме. Ну і, натуральна, паўплывала надвор’е. Для Віцебскай вобласці… засуха нас наадварот выратавала. У мінулым годзе нас больш за ўсё дажджы прыгняталі. А засуха паўплывала на нас у лепшы бок”.


Цікава, што такую высокую ўраджайнасць Віцебшчына атрымала акурат пасля таго, як кіраўнік краіны засумняваўся ў яе ўрадлівасці…


"Я лічу, што тут, на поўначы краіны, адзінкавыя палі, дзе можна сеяць збожжавыя і рэнтабельна атрымліваць ураджай. Навошта вырошчваць нерэнтабельныя культуры?" — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Косінца.

Яшчэ ў адным калгасе Віцебскай вобласці ўраджай вырас у два разы. Там таксама кажуць, што дапамагло надвор'е…


"Белая ліпа" (Віцебск): “Ураджайнасць лепшая сёлета. І валавы збор большы — амаль у два разы. Летась было 1617, сёлета мы намалацілі 2970. Ураджайнасць таксама лепшая, бо ўнеслі мінеральныя ўгнаенні, праполку рабілі…Надвор’е таксама было спрыяльнае. Раўнамерна ішлі дажджы, надвор’е было цудоўнае”.


Больш назбіралі збожжа і ў суседняй Магілёўскай вобласці. Але вынікі тут больш сціплыя. Таму што перашкодзіла надвор’е…


“Зерня мы назбіралі больш, чым у мінулым годзе. 110% да леташняга ўзроўня”, — кажуць у СПК "Дрыбін" Магілёўскай вобласці:


“З надвор’ем, канешне, не пашчасціла… Спачатку засуха перашкодзіла, пасля — дажджы”.


Калі б не надвор’е, то ўраджай быў бы большым, кажа галоўны аграном СПК "Губічы", што ў Гомельскай вобласці.


“Ураджай у параўнанні з мінулым годам сабралі на 1,5 тысячы тон больш. Але калі б не засуха, сабралі б на тры тысячы з лішнім тон больш. Калі б у нас на два тыдні раней прайшлі дажджы, было б увогуле добра".


“Бог не роўна дзеліць", — так пракаментаваў аграном высокую ўраджайнасць Віцебшчыны. Але чаму ў адной вобласці дождж і сонца павялічылі ўраджай, а ў іншай — паменшылі, застаецца загадкай… Магчыма, тут свеціць іншае сонца?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі